Навукоўцы прынялі праграму захавання спадчыны Н.Орды

Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі, прымеркаванай да 200-годдзя народзінаў Напалеона Орды, прынялі 16 лютага праграму вывучэння і захавання спадчыны выбітнага ўраджэнца Беларусі.

Праграма, між іншага, прадугледжвае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва па ўвядзенні ў навуковы абарот творчай спадчыны Орды, стварэнне фондавых запісаў яго музычных твораў, распрацоўку і ўкараненне турыстычных маршрутаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю мастака і кампазітара.

Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс прапанаваў выдаць альбом з рэпрадукцыямі арыгінальных малюнкаў Орды, што захоўваюцца ў музеі Чартарыйскіх у Кракаве. “Каля 200 з прыкладна тысячы твораў мастака, — адзначыў Мальдзіс, — што знаходзяцца ў гэтым музеі, прысвечаныя славутым гісторыка-культурным мясцінам Беларусі”.

Леанід Несцярчук, спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, прапанаваў прысвоіць імя Орды Палескаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ў Пінску.

Доктар біялагічных навук Анатоль Федарук сказаў, што трэба добраўпарадкаваць аб’екты і месцы звязаныя з жыццём і дзейнасцю гэтага вядомага ўраджэнца Беларусі.

Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
‹‹ на галоўную | у архіў