“Да грамадзянаў Беларусі і беларусаў свету”

Сустаршыні грамадскага аргкамітэту — геолаг Радзім Гарэцкі, гісторык Ігар Кузняцоў і пісьменнік Васіль Якавенка — зачыталі ў Мінску зварот “Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў свету”, у якім яны заклікалі КДБ, МУС і пракуратуру перагледзець справы пакуль яшчэ не рэабілітаваных ахвяраў тэрору — у іх ліку былых ваеннапалонных, жыхароў Беларусі, якія знаходзіліся на часова акупаванай тэрыторыі ў 1941-1944 гадах, замежных грамадзянаў ды абнародаваць прозвішчы расстраляных у Курапатах і спісы афіцэраў польскай арміі, якіх расстралялі ў 1940 годзе.

Тэкст звароту накіруюць прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Паводле І.Кузняцова, Беларусь — адзіная краіна ў СНД, якая з 1997 года прыпыніла льготы для былых рэпрэсаваных. “Нашая дзяржава, — казаў Кузняцоў, — павінна выплаціць кампенсацыі гэтым людзям, таму што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца правапераемніцай БССР”. Уладзімір Раманоўскі, сакратар грамадскага аргкамітэту, сказаў, што ў Год памяці грамадства і дзяржава павінны як мінімум дасягнуць перамір’я ў правядзенні названых мерапрыемстваў — дзеля годнага ўвекавечання памяці бязвінных ахвяраў.

Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
‹‹ на галоўную | у архіў