КДБ супраць ушанавання ахвяраў рэпрэсій на дзяржаўным узроўні
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі лічыць немэтазгодным стварэнне дзяржаўнага аргкамітэту па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта гаворыцца ў лісце старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі на імя сустаршыні грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій акадэміка Радзіма Гарэцкага.
У лісце, атрыманым 13 лютага, зазначаецца, што стварэнне дзяржаўнага аргкамітэта запатрабуе ўвядзення дадатковых штатных адзінак у дзяржапараце і выдзялення сродкаў для яго матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, што цяпер немэтазгодна. У лісце таксама гаворыцца, што ў 2004 годзе завершана выданне гісторыка-дакументальных хронік памяці ўсіх раёнаў Беларусі. Прычым у хроніцы кожнага раёна ёсць раздзел "Вернутыя імёны", у якім даюцца спісы грамадзян, неабгрунтавана асуджаных у 1920-1950-я гады і рэабілітаваных на момант выдання кнігі.
Як зазначаюць у КДБ, у адпаведнасці з рэгістрам дзяржаўных святаў для увекавечання памяці загінулых прадугледжаны Радаўніца і Дзень памяці продкаў "Дзяды". Акрамя таго, старшыня КДБ адзначае, што 2007 год аб'яўлены ў краіне Годам дзіцяці, а таксама з'яўляецца знакавай датай у беларускай літаратуры ў сувязі са святкаваннем 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Сустаршыня грамадскага аргкамітэту гісторык Ігар Кузняцоў назваў адказ КДБ станоўчым, бо, лічыць ён, грамадскасці ускосна прапанавана самастойна правесці мерапрыемствы ў рамках Года памяці. Разам з тым вучоны лічыць амаральным адмову дзяржавы адзначаць год памяці 70-годдзя трагедыі 1937 года, калі, паводле самых мінімальных падлікаў, было расстраляна больш за 300 тысяч ураджэнцаў Беларусі.
Акрамя таго, паводле яго слоў, прыведзеныя ў хроніках памяці спісы рэпрэсаваных няпоўныя і уключаюць толькі грамадзян, афіцыйна рэабілітаваных па лініі КДБ да 1997 года, і тое выбарачна. "Вось чаму застаецца актуальным выданне кніг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій па абласцях і Мінску. Так, у хроніку памяці сталіцы уключана не больш за 10% імёнаў рэпрэсаваных, тады як, паводле самых мінімальных падлікаў, у горадзе было расстраляна больш за 50 тысяч чалавек", -- падкрэсліў вучоны.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org),
Радыё “Рацыя” (www.racyja.com) і БЕЛАПАН
|