Выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі–2007” працуе з сённяшняга дня

Сёння ў Мінску пачала працаваць чатырнаццатая Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш "Кнігі Беларусі–2007". На ёй кніжныя навінкі прадставілі больш 600 удзельнікаў з 16 краін свету.

У рамках кірмашу заўтра адбудзецца прэзентацыя кнігі для дзяцей літоўскага пісьменніка Яроніма Лауцюса “Гэта здарылася ў Тытуліі”. Гэтая кніга выдадзеная на трох мовах – літоўскай, рускай і беларускай, а ілюстравалі яе вучні 9-й мінскай гімназіі. Яшчэ адзін цікавы сумесны праект – пераклад і выданне на літоўскай, рускай і беларускай мовах беларускай народнай казкі "Каваль", якую ілюстравалі літоўскія дзеці – вучні мастацкай школы горада Электрэнай.

На выставе ў БЕЛЭКСПА шырока прадстаўленыя і кнігі габрэйскіх выдавецтваў з Ізраіля, Беларусі і Расіі. 8 лютага там адбудзецца "Гадзіна Ізраіля". Запланаваны выступ Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара гэтай краіны ў Рэспубліцы Беларусь Зеева Бен-Ар’е. Адбудзецца прэзентацыя экспазіцыі і лекцыя кіраўніка найбуйнейшага ізраільскага выдавецтва кніг на рускай мове "Гешарым" Міхася Грынберга. Пройдзе таксама знаёмства з першай кнігай ізраільскага пісьменніка ў перакладзе на беларускую мову – зборніка апавяданняў Этгара Керэта "Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць богам".

Паводле БЕЛТА (www.belta.by)
і Інфармацыйнага цэнтра МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
‹‹ на галоўную | у архіў