Таварыства Беларускай мовы заклікае беларусаў размаўляць па-беларуску
У сваёй заяве напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Рада таварыства просіць беларусаў рабіць гэта штодзённа.
4 лютага Рада ТБМ прыняла план дзеянняў на 2007 год, які ўключае мерапрыемствы з нагоды славутых падзеяў і памятных датаў. У іх ліку – выданне першай кнігі Францішкам Скарынам у 1517 годзе, 70-годдзе піку сталінскіх рэпрэсій, які прыпаў на 1937 год, а таксама 450-годдзе з дня нараджэння канцлера Вялікага княства Літоўскага, стваральніка трэцяга Статута ВКЛ Льва Сапегі. ТБМ плануе накіраваць ліст да прэзідэнта Беларусі з сваімі прапановамі па святкаванню юбілейнага году Сапегі. ТБМ, у прыватнасці, прапаноўвае абвясціць конкурс на стварэнне помніка канцлеру ВКЛ і ўсталяваць яго ў адным з гарадоў Беларусі. У якасці прыярытэтных гарадоў прапаноўваюцца Бешанковічы, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Ліда і Мінск, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да жыцця і дзейнасці Льва Сапегі. Акрамя таго, ТБМ прапаноўвае прэзідэнту назваць імем гэтага выбітнага грамадска-палітычнага дзеяча вуліцы, выдаць мастацкі альбом, правесці навуковую канферэнцыю і ўрокі ў школах, прысвечаныя Сапегу, а таксама надаць адмысловую ўвагу яго жыццю і дзейнасці ў рамках чарговых Дзён беларускай пісьменнасці.
Кажучы пра тактыку дзейнасці ТБМ, першы намеснік старшыні арганізацыі Людміла Дзіцэвіч адзначыла важнасць “псіхалагічнага ўздзеяння слова”. "Цяпер мы сталі кансультацыйным цэнтрам дзяржавы па пытаннях беларускай мовы, і мы павінны падтрымліваць усіх, хто ўжывае ў зносінах хаця б адно беларускае слова, у тым ліку чыноўнікаў. <...> Мы павінны любіць любы варыянт нашай мовы, у тым ліку яе дыялекты, “трасянку” і “наркамаўку”, – сказала Л.Дзіцэвіч.
Сёння грамадскае аб'яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) аб'ядноўвае 5.379 чалавек і 110 рэгіянальных структур, з якіх 56 – афіцыйна зарэгістраваныя. За 2006 год толькі ў Мінску сябрамі ТБМ сталі 79 чалавек. Аб гэтым распавёў 4 лютага на чарговым пасяджэнні Рады ТБМ старшыня аб'яднання Алег Трусаў. Ён звярнуў адмысловую ўвагу на першасную арганізацыю ТБМ у вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Яе стварыў адзін з лідэраў дэмакратычнага руху Беларусі Павел Севярынец, які адбывае там пакаранне за арганізацыю масавых акцый пратэсту.
Нагадаем, што Міжнародны дзень роднай мовы штогод адзначаецца 21 лютага згодна з
рашэннем ЮНЕСКА.
Паводле Радыё “Рацыя”, www.tut.by і БЕЛАПАН
|