Асобы “заказ” Беларусі

Па словах А. Лукашэнкі, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін даў асабіста ўказанні падвысіць для Беларусі кошт энергарэсурсаў. “Гэта былі прамыя ўказанні прэзідэнта Расіі. Справа не ў “Газпроме”, у дадзеным выпадку не ў ім, а ў кіраўніцтве Расіі”, — заявіў прэзідэнт Беларусі ў інтэрв’ю расійскай газеце “Завтра”.

“Усё перакладзена на бухгалтэрыю. Але бухгалтэрыя — гэта не аднабаковы рахунак, гэта павінен быць абсалютна аб’ектыўны рахунак”, — падкрэсліў прэзідэнт Беларусі, адказваючы на пытанні галоўнага рэдактара расійскай газеты “Завтра” Аляксандра Праханава.

Як адзначае прэс-служба прэзідэнта Беларусі, падчас інтэрв’ю “Аляксандр Лукашэнка на пэўных фактах паказаў некарэктнасць разлікаў расійскага боку, паводле якіх беларуская эканоміка нібы датуецца Расіяй”.

Закрануўшы гэту тэму, прэзідэнт Беларусі заявіў, што “стварэнне паўнавартаснай абарончай групоўкі войск з ўсёй неабходнай інфраструктурай на заходняй мяжы абышлося б Расіі прыкладна ў $21 млрд.”

Адказваючы на пытанні галоўнага рэдактара газеты “Завтра”, Аляксандр Лукашэнка крануў тэмы будаўніцтва саюзнай дзяржавы з Расіяй, паведамляе Інтэрфакс.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у цяперашняй сітуацыі “ўсё залежыць ад расійскага кіраўніцтва”. “У Беларусі агеньчык гэты цепліцца, хоць будзе вельмі не проста”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым беларускі прэзідэнт заявіў, што “Беларусь у пытанні саюзнага будаўніцтва выключна кіруецца Дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, дзе вызначаны галоўны прынцып гэтага адзінства — раўнапраўе бакоў”.

Паводле Інтэрфакс, telegraf.by,
прэс-службы прэзідэнта Беларусі
‹‹ на галоўную | у архіў