Стыпендыя на навучанне ў магістратуры Каледжу Еўропы (Бельгія, Польшча)

Грамадзяне наступных краін могуць падаваць заяўкі на стыпендыю: Алжыр, Арменія, Азербайджан, БЕЛАРУСЬ, Егіпет, Грузія, Ізраіль, Іардан, Лібан, Лівія, Малдова, Марока, Палесцінская Аўтаномія, Расія, Сірыя, Туніс і Украіна.

Каледж Еўропы атрымаў адмысловае фундаванне, каб прапанаваць некалькі поўных стыпендый грамадзянам вышэйназваных краін у выпадку, калі яны адабраныя для навучання па магістэрскіх праграмах у Каледжы цягам акадэмічнага года 2007-2008.

Гэтая стыпендыя распаўсюджваецца як на корпус Каледжа ў Бруге (Бельгія), так і на корпус у Наталіне-Варшаве (Польшча). Кандыдатамі на атрыманне стыпендыі могуць быць грамадзяне названых краін, абраныя на любую з навучальных праграм Каледжу.

Праз тое, што сёлета навіна гэтая зрабілася вядомай пасля закрыцця афіцыйнага дэдлайна для падачы дакументаў, Каледж вырашыў працягнуць апошні тэрмін падачы дакументаў (выключна для грамадзян вышэйназваных краін!) да 15 сакавіка 2007 года.

Кандыдаты могуць азнаёміцца з уступнымі патрабаваннямі, а таксама рознымі навучальнымі праграмамі на сайце Каледжу Еўропы (http://www.coleurop.be/).

Аплікацыі мусяць быць дасланыя ў папяровым выглядзе да Уступнай Камісіі Каледжу. Больш канкрэтная інфармацыя пра стыпендыі будзе апублікавана на сайце Каледжу напрыканцы лютага.

Даведка:

Каледж Еўропы (College d’Europe \ College of Europe) – найстарэйшая навучальная ўстанова, што рыхтуе спецыялістаў у галіне еўрапеістыкі. Галоўная спецыфіка – каледж мае статус універсітэту і прапануе толькі магістэрскія праграмы навучання. Установа была заснаваная ў 1949 годзе на базе корпуса ў Бруге (Бельгія). У 90-я гады ў Наталіне (Варшаве) быў адкрыты другі корпус Каледжу. Навучанне ажыццяўляецца на двух мовах: ангельскай і французскай. Дадаткова для ахвотных прапануюцца курсы па ўдасканаленні нямецкай і іспанскай моваў, а таксама курсы па вывучэнні галандскае (у Бруге), польскай і раускай моваў (у Наталіне).

Накірункі навучання:

• Еўрапейская эканоміка (Бруге)
• Еўрапейскае права (Бруге)
• Еўрапейскае права з спецыялізацыяй ў эканамічным аналізе (Бруге)
• Еўрапейскія палітычныя і адміністрацыйныя навукі (Бруге)
• Міжнародныя стасункі ЕС і дыпламатыя (Бруге)
• Еўрапейскія інтэрдысцыплінарныя студыі (Наталін)

Пры ўмове паспяховай здачы ўсіх экзаменаў і абароны магістэрскага даследавання напрыканцы акадэмічнага года, выпускнікі атрымліваюць ступень магістра ў азначаных галінах.

Базавыя патрабаванні да абітурыентаў:

Як мінімум, ступень бакалаўра альбо яе аналаг з выдатнымі\вельмі добрымі адзнакамі ў дадатку да дыплома. Як альтэрнатыва, абітурыент можа быць студэнтам апошняга году навучання ў сваім універсітэце.

Веды ангельскай і французскай моваў – сертыфікаты (TOEFL, DALF\DELF, TCF і д.п.) мусяць пацвярджаць валоданне гэтымі мовамі, як мінімум, на ўзроўні B2 агульнаеўрапейскай шкалы лінгвістычных ведаў ( з ёй вы можаце пазнаёміцца тут: http://www.coe.int/T/DG4/Portfolio/?L=E&M=/main_pages/levels.html).

Выняткі прадугледжаны (толькі ў дачыненні французскае мовы!) на двух факультэтах: факультэце эканомікі (французская мова можа быць на ўзроўні A2\B1) ды факультэце міжнародных стасункаў ЕС і дыпламатыі (патрабуецца пацвердзіць толькі базавыя веды французскай мовы).

Грунтоўная матывацыя жадання навучацца па канкрэтнай магістэрскай праграме ў Каледжы

З 1949 года ў Каледжы Еўропы навучалася 10 грамадзян Беларусі: 9 – у Наталіне ды 1 – у Бруге. Студэнты, якія падаюць дакументы ў польскі корпус, таксама разглядаюцца на атрыманне стыпендыі Lane Kirkland. Сёлета ўпершыню Каледж абвяшчае стыпендыю, што распаўсюджваецца на грамадзян Беларусі, у тым ліку і ў бельгійскім корпусе.

Далейшая інфармацыя на сайце:

http://www.coleurop.be/default.asp

Стыпендыя:

http://www.coleurop.be/template.asp?pagename=admisscholar_ENPR

‹‹ на галоўную | у архіў