Для большасці беларускіх прадпрыемстваў кошт газу павялічыцца на 89,9%
Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Эдуард Таўпенец, дадаўшы, што для некаторых прадпрыемстваў будуць вызначаныя адмысловыя кошты. “Мы былі змушаныя перагледзець тарыфы на газ, цяпло і электраэнергію для ўсіх спажыўцоў у сувязі з павелічэннем коштаў на імпартуемы прыродны газ”, — растлумачыў рост коштаў на энергарэсурсы першы намеснік міністра.
“За кошт значнага змяншэння страт газазабяспечваючых арганізацый і памяншэнні выдаткаў у цэлым па міністэрстве мы ўнеслі прапановы ў Мінэканомікі аб тарыфах, якія будуць падвышаныя ў межах меншых, чым падвышэнне кошту на прыродны газ”, — паведаміў першы намеснік міністра энергетыкі Эдуард Таўпенец.
Па словах намесніка міністра энергетыкі, у сувязі з тым, што кошт газу для Беларусі вырас да 100 даляраў за тысячу кубаметраў (у 2006-м Беларусь плаціла 46,68 даляра за дадзены аб’ём газа), для большасці беларускіх прадпрыемстваў кошт газа павялічыцца на 89,9%, для насельніцтва — на 20%.
Нараўне з гэтым, тарыфы на электраэнергію для прамспажыўцоў вырастуць на 21,2%, для насельніцтва — на 20,1%, кошт цеплавой энергіі для прамспажыўцоў павялічыцца на 40,8%, для насельніцтва — на 12%. Пры гэтым асобным беларускім прадпрыемствам, якія спажываюць вялікія аб’ёмы электраэнергіі, будуць прадстаўленыя палёгкі па аплаце кошту энергарэсурсаў, паведаміў Эдуард Таўпенец.
Першы намеснік міністра энергетыкі выказаў упэўненасць, што ў бягучым годзе Беларусь у поўным аб’ёме будзе забяспечаная прыродным газам і электраэнергіяй. Як адзначыў Эдуард Таўпенец, “нягледзячы на цяжкія і працяглыя перамовы з “Газпромам”, мы сёння не маем таго коштавага выніку які жадаем, але ўмовы кантракту дазваляюць нам на працяглы перыяд пераадолець той бар’ер “выбівання” аб’ёмаў прыроднага газу, які мы адчувалі раней”.
Паводле telegraf.by
|