Упраўленне справамі прэзідэнта вярнула БХК памяшканне

Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Упраўлення справамі прэзідэнта прыняло рашэнне працягнуць дамову арэнды з Беларускім хельсінскім камітэтам (БХК), аб гэтым паведаміла старшыня праваабарончай арганізацыі Таццяна Процька. БХК застанецца ў занятым раней памяшканні яшчэ на год, дамоўленасць аб гэтым была дасягнутая на сустрэчы Таццяны Процька з кіраўніком ГГУ Упраўлення справамі прэзідэнта Міхаілам Бяляевым.

“У нас адбылася гутарка са спадаром Бяляевым. Ён сказаў, што, можа быць, мы не самыя лепшыя арандатары, але дамова з намі падаўжаецца яшчэ на год”, — паведаміла Таццяна Процька ў інтэрв’ю “Хартыі’97”.

Кіраўнік БХК лічыць, што на рашэнне кіраўніка справамі паўплывала пазіцыя ЗША і Еўрасаюза. “Заявы Еўрасаюза і ЗША маюць вельмі вялікае значэнне. Мы ўдзячныя ўсім, хто нас падтрымаў”, — сказала Таццяна Процька.

Раней “Тэлеграф” паведамляў, што Упраўленне справамі прэзідэнта, якое валодае офіснымі памяшканнямі, што арандуюцца Беларускім хельсінскім камітэтам (БХК), апавясціла арганізацыю, што тая павінна вызваліць памяшканні да 20 студзеня. У гэтым офісе зарэгістраваны цэнтральны апарат арганізацыі, і ў выпадку высялення БХК прыйшлося б шукаць новы юрыдычны адрас, без якога яна будзе ліквідавана.

Упраўленне справамі прэзідэнта паведаміла, што БХК не своечасова аплачвала арэнду. Старшыня БХК Таццяна Процька, аднак, сцвярджае, што ў бухгалтэрыі адміністрацыі зафіксавана, што арганізацыя ніколі не спазнялася з аплатай арэнды.

Паводле “Хартыя’97” і telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў