Памяць ахвяраў рэпрэсіяў

Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пачынаецца з сённяшняга дня ў Беларусі. Грамадскі аргкамітэт у справе ўвекавечання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій падтрымаў прапанову расейскіх праваабаронцаў праводзіць 30-га дня кожнага месяца памінанне бязвінна загінуўшых людзей.

Як паведаміў даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсіяў, кандыдат гістарычных навук, сустаршыня аргкамітэту Ігар Кузняцоў, з такой ініцыятывай да яго звярнуліся прадстаўнікі міжнароднага гісторыка-асветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства "Мемарыял" з расійскага гораду Сыктыўкар.

Аргкамітэт заклікаў беларускую грамадскасць 30-га дня кожнага месяца праводзіць памінанне ахвяраў сталінізму на месцах іх масавых расстрэлаў. Ў прыватнасці сёння памінальныя свечкі запалілі ва ўрочышчы Курапаты. Акрамя таго аргкамітэт падтрымаў прапанову ўсталяваць 17 красавіка (на Радаўніцу) ў Курапатах мемарыяльны знак на месцы масавых расстрэлаў бязвінных людзей.

Сустаршыня аргкамітэту літаратар Васіль Якавенка адзначыў, што хутка будзе завершаная і праца над зваротам аргкамітэту да беларускага народу ў сувязі з сямідзесяцігоддзем кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій.

Як паведаміў сустаршыня, што толькі Беларускі саюз кінематаграфістаў адгукнуўся на прапанову аргкамітэта аб супрацоўніцтве. “Дагэтуль мы не атрымалі ніводнага адказу ад міністэрстваў на зварот аргкамітэта, прынятых па выніках двухгадовых грамадскіх слуханняў “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”, — сказаў пісьменнік.

Паводле Радыё “Свабоды” і БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў