Беларускія таленты ў чарговы раз заваявалі Сібір!
У студзені 2007 года адбыўся дзевяты Маланінскі фестываль-конкурс у Новасібірску. Больш пяцісот удзельнікаў з усіх куткоў Расіі і СНД прыехалі паказаць сваё майстэрства: баяністы, гарманісты, дамрысты і балалаечнікі 5 дзён у Палацы культуры чыгуначнікаў радавалі сэрцы сібіракоў трыумфам славянскай музыкі.
Для сібірскіх беларусаў было асабліва прыемна пабачыць сярод удзельнікаў конкурсу ансамбль “Лірыца” (Гомельская філармонія). У 2005 годзе, на восьмым фестывалі ансамбль з Беларусі ўзяў Гран-пры, а сёлета артысты былі запрошаны ў якасці сябраў журы. Аднак беларусы прывезлі сваіх выхаванцаў — Насцю Харынаву і Юлю Сінчынаву, якія на радасць сібіракоў-беларусаў занялі на такім аўтарытэтным конкурсе першыя месцы.
”Лірыцу” звязвае з Беларускім культурна-асветніцкім цэнтрам імя святой Еўфрасінні Полацкай г. Новасібірска доўгае сяброўства. У першы прыезд музыкі давалі канцэрты ў Дзіцячым доме, што апекуе БКАЦ у пасёлку Машкова і пасёлку Ташара (месца кампактнага пражывання этнічных беларусаў). Сёлета “Лірыца” і іх таленавітыя вучаніцы выступалі на творчай сустрэчы з землякамі ў БКАЦ, далі дабрачынныя канцэрты ў горадзе Іскіціме Новасібірскай вобласці і Дзіцячай школе мастацтваў №14, дзе вывучаецца беларуская дэкаратыўна-прыкладная народная творчасць.
Акрамя таго, у рамках фестывалю сіламі Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра, ансамбляў “Лірыца”, “Паўночная Вятка” (г. Кіраў) і “Лад” (г. Новасібірск) быў арганізаваны канцэрт “Беларусь і Расія — з’яднаныя!”. Найбуйнейшая зала Палаца культуры Новасібірска была запоўненая, гарачыя апладысменты сталі лепшай адзнакай свята двух славянскіх народаў.
Скончыўся канцэрт песень “Дзве сястры” у выкананні Аркестра выкладчыкаў Дзіцячай музычнай школы №7 ім. А.П.Новікава з паглыбленым вывучэннем беларускай музыкі, саліравалі Насця Клінцова і Альміра Міргаязава.
|