“Зімовы цуд” у Новасібірску
Студзеньскія дні 2007 года прынеслі сібірскім беларусам яшчэ адну навагоднюю неспадзеўку — у Першамайскім скверы г.Новасібірска адбыўся міжнародны конкурс снежных скульптур, у якім удзельнічалі майстры з Беларусі. Кожны дзень прыходзілі мы да землякоў — падтрымаць добрым словам, падзяліцца ўражаннямі.
Міхась Пракапенка і Сяргей Чайкоўскі прыехалі з вёскі Цялуша Бабруйскага раёна. На конкурсе яны не першы раз, і заўсёды ладзяць творчую сустрэчу ў Беларускім цэнтры, дзе хлопцаў сустракаюць як добрых сяброў. І вось доўгачаканы дзень аб’явы вынікаў конкурсу (вядучыя — Дзед Мароз і Снягурка). Строгае журы прысудзіла нашым дарагім беларусам трэцяе месца! Першае заняў удзельнік з Новасібірска, другое — з Санкт-Пецярбурга.
Гэтыя выдатныя працы са лёду упрыгожваюць сквер дагэтуль (а ўсяго скульптур каля 50). Вакол збіраюцца гледачы, асабліва дзеці, але нам падаецца, што асабліва шмат іх каля беларускай печкі з кафлямі, якую аўтары назвалі “У чаканні цуду!”
Людміла Счаслівенка,
Намеснік дырэктара БКАЦ
|