МЗС Польшчы накіравала ў Беларусь ноту пратэсту
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча накіравала ў беларускую амбасаду ноту пратэсту ў сувязі з тым, што віцэ-спікеру польскага Сената Кшыштафу Путры быў забаронены ўезд у Беларусь. Аб гэтым паведаміў актывіст грамадскага аб'яднання “Саюз палякаў у Беларусі”(СПБ) Андрэй Пачобут.
26 студзеня беларускія памежнікі без тлумачэння прычынаў адмовілі ва ўездзе ў Беларусь віцэ-спікеру Сената Польшчы Кшыштафу Путры. К.Путра павінен быў наведаць Гродна і сустрэцца з актывістамі СПБ. Актывісты саюза не змаглі атрымаць выразнага растлумачэння чыннікаў, па якіх К.Путра не змог заехаць у Беларусь. "Мы звярталіся да нашых памежнікаў. Нам адказалі, што ўпускаць кагосьці на тэрыторыю краіны або не ўпускаць – права Рэспублікі Беларусь і матывацыя такіх рашэнняў не агучваецца", – сказаў А. Пачобут.
"Увечары 26 студзеня ў МЗС Польшчы быў выкліканы дараднік амбасадара Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў, якому і была ўручаная нота пратэсту. У ёй падкрэсліваецца, што К.Путра меў дыпламатычны пашпарт, ён увасабляе Сенат Польшчы і адказвае за сувязі з польскай дыяспарай у Беларусі. Акрамя таго, сувязь з дыяспарай па ўсім свеце – адна з функцый польскага Сената", – паведаміў А.Пачобут.
Па словах актывіста СПБ, польскі МЗС запатрабаваў у беларускага боку тлумачэнняў у сувязі з гэтым інцыдэнтам.
“Што датычыцца нас, палякаў, якія пражываюць у Беларусі, то мы абураныя абсурднымі дзеяннямі беларускіх улад”, – заявіў А.Пачобут.
Паводле Хартыі 97 (http://www.charter97.org),
www.afn.by і БелаПАН
|