Нямецкія праваабаронцы ладзяць акцыю падтрымкі А.Казуліна
Нямецкая філія вядомай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” ладзіць акцыю падтрымкі былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, які прызнаны вязнем сумлення. Праваабаронцы заклікаюць накіроўваць лісты салідарнасці ў калонію, дзе адбывае пакаранне А.Казулін. “Словы падтрымкі будуць неацэннай дапамогай у гэты цяжкі час”, — гаворыцца ў заяве “Міжнароднай амністыі”.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што зняволенне беларускага палітыка разглядаецца як парушэнне права на свабоду думкі, слова і сходаў, а таксама як сродак “аказання ціску, каб спыніць палітычную дзейнасць А.Казуліна”.
“Міжнародная амністыя” заклікае Аляксандра Лукашэнку, кіраўніка МУС Уладзіміра Навумава і генеральнага пракурора Пятра Міклашэвіча вызваліць А.Казуліна. Дзяржаўных чыноўнікаў заклікаюць “спыніць запужванне і ўціск на тых, хто прама ці ўскосна выступае ў абарону правоў і свабодаў чалавека ў краіне”.
Прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі таксама лічаць неабходным правядзенне поўнага і незалежнага даследавання факту перавышэння паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў калоніі ў дачыненні А.Казуліна.
Днямі сваякі палітвязня ўпершыню атрымалі магчымасць сустрэчы з ім. Увосень 2006 года А.Казулін правёў амаль двухмесячную галадоўку з мэтай прыцягнуць увагу Рады бяспекі ААН да сітуацыі ў Беларусі.
Паводле БелаПАН,
Радыё “Свабода” і АФН
|