Дні яўрэйскай кнігі пройдуць у Нацыянальнай бібліятэцы
З 30 студзеня па 4 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе выстава “Дні габрэйскай кнігі” і экспазіцыя прац вядомых ізраільскіх фатографаў.
Гэта дапаможа беларусам больш даведацца пра Ізраіль, а таксама стане імпульсам для актывізацыі двухбаковых кантактаў. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Зееў Бэн-Ар’е.
Як чакаецца, у кніжнай выставе прымуць удзел больш 20 ізраільскіх выдавецтваў. Сярод іх найбуйныя выдавецтвы, якія выпускаюць кнігі і на іўрыце, і на рускай мове (“Ам Овед”, “Едзіот Ахронот”, “Шокен”), а таксама выдавецтвы, якія спецыялізуюцца на выданнях кніг на рускай мове (“Гешарым”, “Алія”), выдавецтвы рэлігійнай літаратуры (“Шамір” і “Інстытут Штайнзальца”). Свае кнігі прадставяць расійскія выдавецтвы (“АСТ”, “Эксмо”, “Дом еврейской книги”, “Масты культуры”, “Тэкст”, “Феникс”) і беларускае выдавецтва “МЕТ”.
Паралельна з выставай кніг пройдзе экспазіцыя “Перакладныя малюнкі”, дзе будзе прадстаўлена творчасць вядомых ізраільскіх фотамастакоў Юліі Каміссарафф і Давыда Дэктара. Іх працы – гэта калейдаскоп ізраільскага жыцця, серыя выяваў, выхапленых з рэальнасці. Пры несумнеўнай творчай сталасці і аўтаномнасці гэтыя два майстры дзіўна добра дапаўняюць адзін аднаго.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” паводле БелТА
|