Юрый Гарадзецкі — беларускі тэнар з міжнародным дыпломам
Дыплом прэстыжнага міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Франсыска Віньяса атрымаў Беларускі тэнар Юры Гарадзецкі, студэнт Беларускай акадэміі музыкі. Конкурс праходзіў з 9 па 21 студзеня ў Барселоне ўжо 44-ты раз і сабраў каля трохсот удзельнікаў з усяго свету. Апроч дыплому, малады беларускі спявак выйграў таксама стажыроўку ва Францыі, дзе ён здолее ўдасканаліць сваё вакальнае майстэрства.
Юрыю Гарадзецкаму 23 гады, ён вучыцца на пятым курсе Беларускай акадэміі музыкі. Юрый ужо саліст опернага тэатра і ў гэтым сезоне прыняў удзел у трох спектаклях – у яго рэпертуары партыі Ленскага (“Яўгеній Анегін”) і Моцарта (“Моцарт і Сальеры”).
Юры выступаў на конкурсе ў намінацыі “Араторыя-песні”. Спявак лічыць, што такі ўдалы для яго вынік – гэта найперш заслуга ягонага педагога па класу канцертна-камерных спеваў прафесара Віктара Скарабагатава. “Гэты педагог здольны даць вучню тое, за што цяпер спевакам плацяць грошы”, — жартуе Юры Гарадзецкі, а потым сур’ёзна тлумачыць — “Людзі хочуць пачуць музыку. Музыка – гэта не ноты і гэта не сіла гуку. Музыка – гэта думка кампазітара, які жадае нешта сказаць. І калі гэтая думка разгаданая, перададзеная голасам разам з унутраным пачуццём, з укладаннем душы – тады атрымліваецца гэта музыка. Менавіта над гэтым я пачаў працаваць”.
Віктар Скарабагатаў, якому і выпала рыхтаваць тэнара менавіта да гэтага конкурсу, ніякіх славалюбівых мэтаў не ставіў. Ён лічыў больш каштоўным, каб Юрый папросту трапіў у Еўропу і паглядзеў на ўзровень тых вакалістаў.
Раней беларусы таксама ўдала выступалі на конкурсе Віньяса. Так, у 1993 годзе, трэцюю прэмію там узяла выпускніца мінскай кансерваторыі Ірына Гардзей, але яна тады ўжо спявала ў маскоўскім тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Сёлетні дыпламант Юрый Гарадзецкі рэпрэзентаваў Беларусь.
Пра свае далейшыя планы спявак кажа наступнае: “Мне трэба нейкую рэпутацыю сабе заваёўваць у тэатры, трэба працаваць, нягледзячы ні на што. Папросту рабіць, рабіць і рабіць. Цяпер у мяне ўрокі па “Чарадзейнай флейце” Моцарта”.
Паводле Радыё “Свабода”
|