Разважанні над беларуска-расійскімі стасункамі

Савет расійскай Дзярждумы сабраўся сёння на спецыяльнае пасяджэнне, каб абмеркаваць адносіны Расіі і Беларусі. Рашэнне правесці спецыяльнае пасяджэнне было прынятае на першым жа пасяджэнні кіраўніцтва Дзяржаўнай думы ў 2007 годзе. Спікер Дзярждумы Барыс Грызлоў сказаў, што на сустрэчы будуць абмяркоўвацца пытанні гандлёва-эканамічных стасункаў Беларусі і Расіі і перспектывы пабудовы саюзнай дзяржавы. Гаворка пойдзе і пра нядаўні крызіс, які стаў вынікам “няўзгодненасці энергапаставак”.

Паводле прэс-службы фракцыі “Адзіная Расія”, пасяджэнне Савета пройдзе ў пашыраным складзе з удзелам прадстаўнікоў ураду і міністэрстваў. У выніку будуць прынятыя рэкамендацыі для дэпутатаў, ураду і саюзных структур. На пасяджэнні чакаюцца выступы спікера Барыса Грызлова, а таксама Уладзімера Жырыноўскага, Генадзя Зюганава ды іншых. Уладзімер Жырыноўскі і старшыня Камітэту ў справах СНД Андрэй Какошын адмовіліся каментаваць вынікі пасяджэння Савета. Чым выклікана пасяджэнне, калі ўжо падпісаны пагадненні па нафце і газу?

Па словах дэпутата Дзярждумы Канстанціна Затуліна: “Ідэя спецыяльнага пасяджэння звязана з нашым уяўленнем, што нафтавыя і газавыя праблемы ва ўзаемаадносінах з Беларуссю – гэта далёка не адзіныя праблемы. Нават хутчэй вынік таго, што не рэалізуюцца дамоўленасці пра стварэнне саюзнай дзяржавы. Многія рашэнні, якія мелі авансуючы характар, былі асновай для будучай рэалізацыі праекта саюзнай дзяржавы. У выніку саюзная дзяржава не створана. І гэтыя рашэнні замест таго, каб стаць уступам для стварэння саюзнай дзяржавы, сталі канструкцыямі, якія павіслі ў паветры. А канструкцыі, якія абвальваюцца на галовы людзей нічога добрага не прыносяць. Таму трэба абмеркаваць праблему комплексна. Нягледзячы на тое, што ўладжаныя пытанні ў нафтавым і газавым транзіце, па цэнах і пошлінах, гэта не ўся праблема”.

Паводле радыё “Свабода”,
“Хартыя 97”, РИА “Новости”
‹‹ на галоўную | у архіў