Да Севярынца будуць вазіць экскурсіі

Павал Севярынец адбывае двухгадовае пакаранне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна. Малады палітык не толькі валіць лес, але і паспявае весці актыўную дзейнасць. Ён нават арганізаваў і ўзначаліў суполку “Таварыства беларускай мовы”. І вось Севярынец вырашыў зрабіць чарговую добрую справу.

— На замчышчы ў Малым Сітне, насыпаным уручную, была збудаваная Іванам Жахлівым крэпасць, — распавёў нам па тэлефоне Павал. — Але ў 1579 годзе крэпасць захапіў і спаліў Стэфан Баторый. Адбудаваны замак быў тут да 1772 года. Месца ўвогуле слаўнае: за кіламетр адсюль пачынаецца славутая рака Палата. Тут жа праходзіць шлях, якім ездзілі Уладзімір Краснае Сонейка і Усяслаў Чарадзей...

Службоўцы паставіліся да прапановы асуджанага палітыка на здзіўленне цёпла. Ліст быў разгледжаны ў Полацкім райвыканкаме, на месца нават выязджалі намеснік старшыні і начальнік аддзела культуры. Разам з старшынёй Маласітненскага сельсавета Галінай Івановай яны вырашылі ініцыятыву падтрымаць.

— У нас калісьці дошка ўжо стаяла, па-руску была напісаная, — распавядае Галіна Дзмітрыеўна. — Прапанову Севярынца мы прынялі — ужо месяцы праз тры знак стаяць будзе. Знайшлі за 20 кіламетраў адсюль вялізны прыгожы валун. Прывязем, за грошы сельсавета зробім шыльду. І напішам абавязкова па-беларуску!..

Вось толькі тэкст надпісу пакуль узгадняецца. Варыянт Севярынца аб тым, што “беларуска-польскае войскі пабіла маскавітаў” здаўся ўладам занадта палітычным. Пасля таго, як знак будзе ўсталяваны, Малое Сітна, верагодна, уключаць у турыстычныя маршруты Палотчыны.

Паводле “Камсамольская праўда ў Беларусі”
‹‹ на галоўную | у архіў