Беларусь створыць дзяржаўную праграму па нафце
Прэзідэнт Беларусі даручыў стварыць адзіную дзяржаўную кампанію па закупцы нафты, якая будзе займацца закупкай нафты і рэалізацыяй нафтапрадуктаў. “Такая кампанія ў Беларусі павінна быць. Адпаведныя дакументы ў найбліжэйшы час трэба падрыхтаваць”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу, прэм’ер-міністр беларускага ўрада запэўніў прэзідэнта, што ўжо да вясны 2007 года страты беларускіх НПЗ у сувязі з перапынкам паставак нафты будуць кампенсаваны.
Таксама Сяргей Сідорскі заявіў, што беларускі ўрад працуе над мінімізацыяй негатыўных наступстваў пасля рашэння Расіі падвысіць для Беларусі кошт энерганосьбітаў. Кіраўнік урада выказаў упэўненасць, што няма ніякіх падстаў карэктаваць паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, паведамляе БелТА.
Пры гэтым Сяргей Сідорскі паведаміў, што Беларусь у выніку рашэнняў Расіі павінна падвысіць свае плацяжы за энерганосьбіты ў 2,14 разы. “Праўда складаецца ў тым, што ніякай падтрымкі ні бюджэту, ні эканоміцы Беларусі тут няма”, — лічыць кіраўнік беларускага ўрада.
Урад скарачае расходную частку бюджэту
У сваю чаргу, Міністэрства эканомікі Беларусі засведчыла, што, нягледзячы на падвышэнне кошту расійскіх энергарэсурсаў, сацыяльная скіраванасць эканомікі застанецца.
Аб гэтым падчас нарады на “Нафтане” заявіў міністр фінансаў Мікалай Корбут. Міністр паведаміў, што бюджэт будзе зменены, аднак гэта не кране фінансаванні заработнай платы, стыпендый, пенсій і медыцыны.
Беларускі ўрад прапанаваў скараціць выдаткі бюджэту краіны на 5%, куды ўваходзяць паніжэнне на 2% выдаткаў у абласцях на бягучае ўтрыманне, рамонт і будаўніцтва. Усяго Беларусі спатрэбіцца адшукаць 629 млрд. рублёў на падтрымку жыллёва-камунальнага сектара ў сувязі з падаражаннем энергарэсурсаў.
У сваю чаргу, прэзідэнт Беларусі заявіў, што скарачэнне некаторых інвестыцыйных праграм дапушчальна толькі “ў выключных выпадках”.
Паводле БелТА і telegraf.by
|