Шукаем нашчадкаў роду Вайніловічаў
Дарагія суайчыннікі!
Наспеў час звярнуцца да Вас, каб прасіць Вашай дапамогі сабраць усіх нашчадкаў роду Вайніловічаў, якіх раскідаў лёс па свеце.
Эдвард Вайніловіч, фундатар касцёла св. Сымона і Алены, мае поўнае права быць асобай, прызнанай як на Беларусі, так і за яе межамі.

Карані роду Вайніловічаў сягаюць глыбока ў стагоддзі і налічваюць больш за 400 гадоў сваёй радаслоўнай гісторыі. Яны ідуць побач са славутым родам Радзівілаў, захоўваючы глыбокія хрысціянскія традыцыі сваіх продкаў.
Род Вайніловічаў, як піша Эдвард пра сябе і свой род, “не прышэлец ні з Усходу, ні з Захаду, а з таго люду, што радзімую зямлю беларускую сахой рэзаў”.
У самым пачатку прадзеды Вайніловічаў былі праваслаўнымі, потым прынялі ўніяцтва, а пазней многія з іх сталі шчырымі каталікамі. Таму і будуюць Вайніловічы розныя храмы. Эдвард Вайніловіч ужо тады, на пераломе XIX і XX стагоддзяў думаў экуменічна, паступаў экуменічна, жыў экуменічна побач з людзьмі розных веравызнанняў. У Макранах, Цімкавічах (цяпер гэта вёскі ў Капыльскім раёне) Вайніловічы пабудавалі цудоўныя святыні – каталіцкі касцёл і велічную праваслаўную царкву.
Эдвард Вайніловіч нарадзіўся ў Сляпянцы, што пад Мінскам (цяпер гэта мікрараён сталіцы Беларусі), у маёнтку, які належаў бацькам яго маці, Эдварду і Міхаліне са слаўнага роду Манюшкаў і Ваньковічаў. Эдвард Вайніловіч належаў да дзесятага пакалення славутага роду. Адзінаццатым сталіся яго дзеці, якія трагічна памерлі.
1861 г. Эдвард з медалём скончыў Слуцкую гімназію.
1865 г. паступае ў Пецярбургскі імператарскі тэхналагічны інстытут.
1872 г. становіцца слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча).
1876 г. з удзелам Э.Вайніловіча заснавана Сельскагаспадарчае таварыства на нашых землях.
1882 г. бярэ шлюб з Алімпіяй Узлоўскай.
Праз усё жыццё Эдвард Вайніловіч паказаў сябе ўзорным сем’янінам, мужам і бацькам, выхаваным у маральных і хрысціянскіх традыцыях чалавекам. У веры і малітве ён чэрпаў мужнасць, цярплівасць і вынослівасць у цяжкія гады, асабліва калі адно за другім паміраюць яго дзеці.
Ці было так на самай справе, ці не — цяпер невядома, але перадаецца людзьмі прыгожая легенда аб гісторыі стварэння Чырвонага касцёла. Неяк ноччу цяжка хворая Алена прысніла Маці Божую, якая паведаміла, што назаўтра чакае да сябе Алёнку і абяцала выканаць любое яе жаданне. Алена прасіла Маці Божую, каб яна дапамагла ачуняць: не таму, што яна баіцца смерці, а таму, што вельмі шкадавала бацькоў, якім яе смерць прынясе многа гора. “Выслухай мяне ўважліва, — адказала Маці Божая. — Заўтра ты пойдзеш па шляху Божым да жыцця вечнага. Няхай бацькі ўсе свае багацці аддадуць на пабудову касцёла з чырвонай цэглы, бо чырвоны колер – колер радасці. Гэты касцёл будзе для іх радасцю і суцяшэннем, бо вашы душы будуць наведваць яго і бацькі будуць адчуваць нябачны гаючы дотык крылаў да параненага бацькоўскага сэрца. Гэта аблегчыць боль і смутак па вас. Запомні, якім павінен быць гэты касцёл”. Калі Алена прачнулася, яна папрасіла аркуш паперы, намалявала эскіз будучага касцёла, перадала жаданне Маці Божай і ціха сканала, не дажыўшы аднаго дня да свайго 19-годдзя. На магіле сваёй дачкі Эдвард Вайніловіч напіша словы, поўныя веры: “Я не памерла, я адыходжу, каб жыць”.
Успрымаючы смерць дзяцей як наканаванне Божае, Эдвард Вайніловіч вызначыў мэтай свайго жыцця пабудову храма як даніну памяці сваім дзецям Алене і Сымону. Вайніловіч укладае ў храм сваю душу, усё сэрца, усю сваю энергію, усяго сябе. Яго па гэтым шляху вядзе Бог.
У 1910 годзе ў Мінску асвячаецца касцёл у гонар св. Сымона, Апостала, і св. Алены, якая знайшла на Галгофе Крыж Хрыста Збаўцы.

Пра Эдварда Вайніловіча ведаюць і памятаюць не толькі ў тых мясцінах, дзе ён жыў і працаваў, але і далёка за межамі Беларусі: у Расіі, Літве, Польшчы, Украіне. Гавораць пра яго і архіўныя дакументы, тэксты яго выступленняў на сходах, кніга-двухтомнік яго ўспамінаў.
Прызначаны ў 1883 г. ганаровым міравым суддзёй Слуцкага павета, Вайніловіч 34 гады падпісваў рашэнні “ў імя яго царскай...”, а з 1917 г. – “у імя часовага ўрада”. Абраны ў 1888 годзе віцэ-старшынёй, а пасля старшынёй “Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі” (першай і да самай рэвалюцыі 1905 году адзінай не кантраляванай расейскім урадам, але легальнай грамадскай арганізацыі не толькі ў Мінскай губерні, але і ва ўсёй Беларусі), Эдвард Вайніловіч фактычна кіраваў яго дзейнасцю, пакуль яе не перапыніла Першая сусветная вайна і рэвалюцыя.
Эдвард Вайніловіч тройчы выбіраўся Соймам у Думу Расіі ў Санкт-Пецярбургу. У Дзяржаўнай Радзе Вайніловіч выявіў сябе выдатным дзяржаўным дзеячам, якога, нягледзячы на прынцыповыя разыходжанні, вельмі паважаў сам Сталыпін, з якім ён калісьці пазнаёміўся менавіта праз дзейнасць Таварыства. Вайніловіч успамінае, што падчас адной з сустрэч у губернатара М. Трубяцкога прэм’ер Сталыпін назваў Эдварда Вайніловіча “мінскім Бісмаркам”.
Частым госцем ён быў у Царскім Сяле як на высокіх прыёмах па запрашэнню самога цара Аляксандра II, так і на нарадах і сходах самых высокіх чыноўнікаў і палітыкаў Расіі, дзе прадстаўляў справы Заходніх раёнаў царскай Расіі. У Польшчы Эдвард меў таксама вялікую пашану.
Як падаюць гістарычныя крыніцы, прэм’ер Сталыпін пасля ўзгаднення з міністрамі і царом Аляксандрам запрапанаваў Эдварду Вайніловічу пасаду віцэ-міністра, а пасля міністра сельскай гаспадаркі Расіі – ад Уладзівастока да Варшавы.
У сваіх успамінах Вайніловіч пісаў: “Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як і польскай, і стала ўжываючы яе ў стасунках з вясковымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў сталы кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Менску, дзе сустракаўся з Луцкевічам і Кастравіцкім, пазьней у Вільні і Петраградзе з Іваноўскім, Шыпілам і г.д. Беручы ў беларускіх згуртаваннях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў з іх штораз выходзіць, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнання і нацыянальнага адраджэньня — “Лучынка”, “Саха”, “Загляне сонца і ў наша аконца” — напрыканцы заўжды прымала сацыялістычныя кірунак і лозунгі, якім, насуперак сваім перакананням, служыць я ня мог”.
Эдвард Вайніловіч мае вялікія дзяржаўныя ўзнагароды і прызначэнні:
1880 г. – прызначаны ў канцылярыю Слуцкага кіраўніка дваранства.
1880 г. – намеснікам Галоўнага апякунчага імператарскага чалавекалюбага таварыства.
1882 г. – ордэн святога Станіслава 3 ступені.
1886 г. – ордэн святой Ганны 3 ступені.
1887 г. – зацверджаны дэпутатам.
1890 г. – прызначаны тытулярным саветнікам з правам старшыні.
1894 г. - ордэн святога Станіслава 2 ступені.
1896 г. - прызначаны царскім надворным саветнікам.
1898 г. - ордэн святой Ганны 2 ступені.
1901 г. - прызначаны ў калежскія саветнікі.
1902 г. - ордэн святога Уладзіміра 4 ступені.
1905 г. - прызначаны ў стацкія саветнікі.
1906 г. – член Дзяржаўнага Савета Расіі ад Мінскай губерніі.
Узнагароджаны срэбным медалём у памяць “царствования” імператара.
Журботны лёс напаткаў радавую сядзібу Вайніловічаў у Савічах Слуцкага павета: 19–21 лютага 1918 г. рэвалюцыйныя салдаты і сяляне навакольных вёсак учынілі жахлівы пагром.
“Загінуў плён культурнай працы 11-ці пакаленняў, загінула ўсё, што мы збіралі ад сярэдзіны 16 стагоддзя ў начыннях, партрэтах, прадметах мастацтва, а галоўнае, у дакумэнтах, упарадкаваных і скаталагізаваных так, як гэта бывае хіба толькі ў славутых дзяржаўных архівах” (з успамінаў Вайніловіча).
У 1919 годзе Эдвард вымушаны быў пакінуць родны край, зямлю, якую любіў усім сэрцам.
Дух чалавечнасці і міласэрнасці Эдварда Вайніловіча яскрава праяўляецца і ў яго пілігрымным зямным жыцці ў горадзе Быдгашчы ў Польшчы, дзе ён пражыў свае апошнія гады. Эдвард Вайніловіч будуе вялікі дом для дзяцей-сірот, пакінутых і беспрытульных, і да канца свайго жыцця апякуецца імі. Нязломны, непахісны ў сваёй маралі, у сваёй духоўнай традыцыі Эдвард Вайніловіч становіцца патрыярхам усіх рэпатрыянтаў з Усходу, дапамагаючы кожнаму парадай.
Пад час яго пахавання суайчыннікі скажуць словамі Яна Лютоўскага: “Эдвард быў знічом-светачам, які свяціў асаблівым маральным святлом!”
У касцёле г. Нясвіжа знаходзіцца вялікая пліта з надпісам: “Эдвард Вайніловіч, старшыня Мінскага Таварыства земляробаў, старшыня Кола Польскай Рады ў Пецярбургу, камандор ордэна “Pоlonia Restituta”, фундатар касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску, уладальнік маёнткаў Савічы і Пузоў павету Слуцкага, зямлі Мінскай, нарадзіўся ў Савічах 13. X. 1847 г. памёр у Быдгашчы 16. VI. 1928 г.
Чалавеку вялікага сэрца і заслуг, прыкладнаму грамадзяніну, патрыёту, прыяцелю і апекуну людзей, вернаму сыну Святога Касцёла як выраз пашаны і ўдзячнасці і дзеля памяці нашчадкаў надпіс гэты зроблены. Вечнае спачыванне дай яму, Госпадзе, і святло вечнае няхай яму сеціць. Амэн”.
Вайніловіч у сваіх успамінах не раз пісаў аб тым, што ён вельмі хацеў бы быць пахаваны ў роднай зямлі. Выконваючы яго волю, з дазволу і блаславенства Яго Эмінэнцыі кс. кардынала Казіміра Свёнтка, з дазволу Міністэрства замежных спраў Беларусі і Польшчы астанкі Эдварда Вайніловіча былі перавезены з Быдгашча ў Мінск.
11 чэрвеня 2006 года адбылося жалобнае богаслужэнне і перазахаванне астанкаў заснавальніка касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) Эдварда Вайніловіча.
Эдвард праз усё сваё жыццё пранёс словы: няхай веруючыя розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі, славяць аднаго Бога на зямлі. Таму на ўрачыстасцях з нагоды перазахавання астанкаў прысутнічалі прадстаўнікі розных канфесій.
21 лістапада 2006 года адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Каля Чырвонага Касцёла” ў Палацы Рэспублікі ў Мінску (рэжысёр Уладзімір Арлоў) пра фундатара і мецэната Эдварда Вайніловіча. Атрыманы дазвол улад на дэманстрацыю фільма, і ў бліжэйшы час яго пабачаць многія жыхары Беларусі.
У цяперашні час ідзе няспынны працэс падрыхтоўкі да падачы дакументаў на беатыфікацыю Эдварда Вайніловіча.
Пробашч касцёла св.Сымона і св.Алены
Ксёндз-магістр Уладыслаў Завальнюк
|