Стары Новы год у Даўгаўпілсе
14 студзеня было праведзена цудоўнае навагодняе мерапрыемства для дзяцей-беларусаў, на якое было запрошана шмат гасцей. Падарункі ад Дзеда Мароза атрымалі не толькі дзеці нядзельнай беларускай школы, але і дзеці з 6-й сярэдняй школы, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама ўсе тыя, хто прыйшоў на наша свята ў навагодніх масках. Калядоўшчыкі (Каза, Шчодра, Мядзведзь, Цыган з цыганкамі і іншыя персанажы) парадавалі ўсіх сваімі вершамі, песнямі,танцамі, гульнямі. Ніхто ў зале не застаўся без іх увагі, усе атрымалі цукеркі, мандарыны, маленькія сувеніры.
Ад Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь дзеці атрымалі вялікі прыгожы торт і шчырае віншаванне. Асаблівым падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне беларускага хору хлопчыкаў “Пеўнікі” (кіраўнік Вольга Бялько, канцэртмайстар Надзея Дурэйка) з горада Маладзечна, які менавіта ў гэтыя навагоднія дні прымаў удзел у міжнародным фестывалі духоўнай музыкі “Сярэбраныя званы” (“Sudraba zvanі”). Такі фестываль ужо ў 7-ы раз ладзіла Даўгаўпілская гарадская дума. Кіраўнік беларускага хору хлопчыкаў Вольга Бялько не перш раз у нашым горадзе. У 2005 годзе яна прывозіла яшчэ два свае ансамблі “Журавачка” і “Сюрпрыз”, якія атрымалі ў гэтым жа фестывалі першае месца. Фестываль “Сярэбраныя званы” першы і адзіны ў Латвіі. Аўтар ідэі і мастацкі кіраўнік фестывалю Яўген Усцінкоў запрасіў на гэты раз 100 калектываў. У агульнай песні-малітве злілося 1580 галасоў з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі, Украіны, Расіі і Германіі. У групе дзіцячых хароў першае месца атрымаў хор “Ліра” з Мінска.
Сярод эстрадных салістаў у старэйшай групе трэцяе месца атрымала таксама наша суайчынніца Вікторыя Матусевіч з Мінска. У камандзе журы былі такія знакамітыя асобы як Я.Зірнітыс — прафесар Латвійскай музыкальнай акадэміі (Латвія), Э.Улеоя — прафесар Эстонскай дзяржаўнай акадэміі музыкі, У.Роўда — прафесар, акадэмік, мастацкі кіраўнік Беларускага радыё і тэлебачання (Беларусь), В.Пучкова — дырэктар камернага хору Днепрапятроўскай філармоніі і іншыя.
Таццяна Бучэль. Даўгаўпілс
|