Беларуска-расійскі канфлікт выклікаў рост цэн на жыллё
З новага года сярэдні кошт за м2 жылля ў Мінску павялічыўся да $1225. Калі ў снежні “аднапакаёўка” ў сталіцы каштавала каля $42-45 тысяч, то цяпер яе кошт узняўся да 50 тысяч. Мінскія рыэлтары звязваюць рост коштаў з расійска-беларускім энергетычным канфліктам і не выключаюць далейшага падвышэння коштаў – да 50% да канца года.
Як сведчаць агенцтвы нерухомасці, у новым годзе істотна падаражалі найперш аднапакаёвыя кватэры, аднак кошты растуць і на двух- трохпакаёўкі. Паводле дадзеных беларускага штотыднёвіка “Недвижимость для всех”, у сярэднім кошт аднаго м2 на 9 студзеня склаў $1225.
Мінскі рыэлтар Ларыса кажа пра ажыятажны попыт на кватэры ў сталіцы напярэдадні Новага году і пасля яго:
— Аднапакаёвая кватэра каштуе цяпер у сярэднім 50 тысяч долараў. Думаю, найперш тут адыграла ролю палітыка-эканамічная сітуацыя”.
— Маеце на ўвазе нафтавыя і газавыя перамовы?
— Так. Усе кінуліся пакупаць кватэры. Іх расхапалі. Наступныя пайшлі ўжо па больш высокіх цэнах. Усе хацелі вырашыць пытанне да новага году. Пакупнікоў, людзей з грашыма было вельмі шмат. Казалі, што невядома, чым усё закончыцца, што будзе з цэнамі надалей, таму лепш вырашыць пытанне да новага году і сядзець спакойна. І цяпер гэта працягваецца. Як кошты раслі, так і працягваюць расці”.
— Ці забяспечаны попыт на кватэры?
— Напэўна, пакуль не. Плюс яшчэ долевыя дамовы не заключаюцца. Будаўнічыя фірмы сядзяць і чакаюць, што ж ім рабіць у гэтай сітуацыі. Атрымліваецца, попыт усё роўна вышэй за прапанову на сённяшні дзень.
Старшыня савету Асацыяцыі беларускай нерухомасці Мікалай Прасталупаў звяртае ўвагу на наступную тэндэнцыю:
— Колькасць выстаўленых на продаж кватэр у Мінску ўвесь час памяншаецца. Цяпер іх колькасць удвая менш, чым паўгода таму. Калі прапановаў становіцца меней, кошты растуць пры сталым попыце. У Мінску вельмі мала будуюць жылля – катэгарычна недастаткова для вырашэння жыллёвай праблемы нашых грамадзян. Апошнія тры гады будуюць утрая меней, чым патрэбна.
Рыэлтары не выключаюць, што да канца году цана на м2 у Мінску павялічыцца яшчэ на 50 %. Што да больш канкрэтных прагнозаў...
— Мы вырашылі ўсе разам, што пакуль прагнозаў даваць ня будзем, — кажа рыэлтар. — Таму што можа здарыцца і абвал. Натуральна, ён ня будзе жорсткім і рэзкім, а будзе паступовым, як 7-8 гадоў таму”.
У 2002 годзе адзін м2 жылля ў Мінску каштаваў $325, у 2003 – $378, праз год ужо $520, у 2005 – $680, а летась – $1034.
Паводле радыё “Свабода” і bel.biz
|