Беларускі Хельсінскі камітэт будзе адстойваць права мець памяшканне
22 студзеня а 11 гадзіне прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта паспрабуюць прайсці ў свой офіс па вуліцы К.Лібкнэхта. Раней галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта паінфармавала БХК, што разрывае кантракт на арэнду офіса ў будынку па вуліцы К. Лібкнехта і запатрабавала вызваліць памяшканне да 20 студзеня. Прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта не выключаюць, што іх не прапусцяць у офіс. У інтэрв’ю для радыё “Свабода” старшыня БХК Тацяна Процька ўпэўніла, што камітэт будзе адстойваць права мець памяшканне.
Беларускі Хельсінскі камітэт таксама мае намер правесці перамовы з прадстаўнікамі Галоўнага гаспадарчага Упраўлення справамі прэзідэнта ў сувязі са скасаваннем дамовы на арэнду офіснага памяшкання. Кіраўніцтва БХК сцвярджае, што высяленне з памяшкання неправамоцнае. Па гэтым адрасе офіс арганізацыі месціўся з 1998 года. Страта юрыдычнага адрасу пагражае арганізацыі ліквідацыяй.
Дамова разрываецца на падставе таго, што арганізацыя несвоечасова аплачвала арэнду. Тацяна Процька сцвярджае, што ў бухгалтэрыі адміністрацыі зафіксавана, што ніводнага разу БХК не затрымаў аплату арэнды даўжэй за 2 месяцы, аплачваў пеню. У панядзелак арганізацыя будзе весці перамовы з арэндадаўцамі. Зараз камітэт накіраваў у адміністрацыю дакументы, каб ім далі іншае памяшканне, паводле яе словаў, на гэта БХК мае права — у будынку шмат месцаў.
Паводле радыё “Свабода”
|