Новая кніга “Лялечны Дом”

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Андрэй Каляда ў беларускім выдавецтве “Кнігазбор” выдалі цудоўны зборнік п’ес замежных драматургаў “Лялечны дом”. Пераклад на беларускую мову зрабіў вядомы беларускі тэатральны педагог, перакладчык, сталы рупліўца на беларускай ніве — Андрэй Каляда.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і Андрэй Каляда выказваюць шчырую падзяку спадарыні Ірэне Калядзе-Смірновай, старшыні Дабрачыннага фонду “Ethnic Voice of America” (Парма, ЗША), за чынную дапамогу ў выданні гэтай кнігі.

У кнігу ўвайшлі пераклады (з рускай мовы на беларускую) такіх вядомых драматургічных твораў: Аляксандр Астроўскі. “Даходнае Месца”; Мікалай Гогаль “Рэвізор”; Антон Чэхаў. “Чайка”, “Лебядзіная песня”, “Тры сястры”; Іван Тургенеў. “Месяц у вёсцы”, “Правінцыялка”; Максім Горкі. “Дзеці сонца”; Міхаіл Булгакаў. “Кабала святош”; Мікалай Каляда. “Птушка фенікс”; Леанід Малюгін. “Насмешлівае маё шчасце”; Сурэндар Варма. “Чалавек з пяццю абліччамі”; Альберт Гурней. “Лісты Кахання”; Генрык Ібсен. “Лялечны дом (Нора)”; Славамір Мрожак. “Дом на мяжы”; Джон Озбарн. “Азірніся ў Гневе”; Стэфан Цанёў. “Другая смерць Жанны д’Арк”.

Ва ўступным слове “Ад перакладчыка” Андрэй Каляда аўтабіяграфічна распавёў аб сваёй творчай працы і “перакладчыцкім хобі”, аб сваім першым вопытам перакладу верша Генрыха Сапгіра “Музыка”…

“Кніжачка была добра ілюстравана, Але не гэта зачаравала мяне, а… змест верша “Музыка”. Менавіта змест верша “Музыка”, назва якога і на вокладцы кніжачкі, здзівіў, уразіў, захапіў і пацешыў мяне. Я адразу пачуў, убачыў, адчуў усе сем нот, якія увасобіў у словах-вобразах паэт. Як выкладчык прафілюючай дысцыпліны “Сцэнічная мова”, я зразумеў, што нарэшце знайшоў патрэбны і цікавы матэрыял (вершаваны тэкст) для развіцця. Пастаноўкі моўнага голасу будучых артыстаў драматычнага тэатра.
На хвалі педагагічнага і творчага ўздыму, з акцёрскім імпэтам і трымценнем я засеў за першы ў сваім жыцці пераклад (з рускай на беларускую мову). Не лёгка і не хутка, але я асіліў сапгіраву “музыку”. І вось ужо больш за 35 гадоў гэта моўна-вакальнае практыкаванне “Музыка” выкарыстоўваецца мною для развіцця меладычнасці і дыяпазону вуснага жывога слова будучых артыстаў і рэжысёраў…”

Літаратурна-мастацкае выданне “Лялечны дом: п’есы замежных драматургаў у перакладзе Андрэя Каляды”. Мінск: Кнігазбор, 2006, выдадзена невялікім накладам у 300 асобнікаў. Сама кніга энцыклапедычнага фармату, у цвёрдай, глянцавай вокладцы — цудоўны падарунак для аматараў драматургіі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў