Новыя пункты спрошчанага пропуску з’явяцца на мяжы з Латвіяй

Беларусь і Латвія плануюць усталяваць новыя пункты спрошчанага пропуску для прымежнага насельніцтва. Адпаведны пратакол аб занясенні змен у міжурадавую беларуска-латвійскую дамову па пытанні пунктаў пропуску ад 1993 года будзе падпісаны ў Мінску 19 студзеня.

З беларускага боку подпіс пад дакументам паставіць пасол па спецыяльных даручэннях Міністэрствы замежных спраў Міхась Аляксейчык, з латвійскага — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвіі ў Беларусі Майра Мору.

Як растлумачылі БелТА ў знешнепалітычным ведамстве, пратакол “дазволіць забяспечыць належнае функцыянаванне пунктаў спрошчанага пропуску для пашырэння чалавечых кантактаў і рашэння сацыяльных праблем памежнага насельніцтва, а таксама ўсталяваць новыя пункты спрошчанага пропуску для забеспячэння жыццядзейнасці людзей, якія пражываюць у памежных раёнах”. Гэта, па меркаванні беларускага боку, будзе спрыяць падтрыманню роднасных сувязяў, выкананню рэлігійных абрадаў і правядзенню масавых мерапрыемстваў у рамках культурнага абмену.

Паводле БелТА і tut.by
‹‹ на галоўную | у архіў