“Крымінальнае чытво”: цяпер і па-беларуску
Творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” завяршае дубліраванне на беларускую мову фільма “Крымінальнае чытво” рэжысёра Квенціна Таранціны. Гэтая стужка — некалькі кінанавелаў, героямі якіх з’яўляюцца адны і тыя ж асобы.

Баксёр Бутч падманвае на грошы гангстэра Марсэласа Уоласа. Каб забіць Бутча, той пасылае двух бандытаў. Яны ўвязваюцца ў прыгоды. У выніку адзін загінае, а другі вырашае завязаць з крыміналам.
“Крымінальнае чытво” — гэта ўжо чацверты фільм перакладзены і агучаны “Беларускім гальфстрымам”. Раней выйшлі камедыя “Любоў насамрэч”, мультфільм “Шрэк-2” і шведскі дзіцячы фільм “Маленькая калядная казка”. Мяркуецца, што “Крымінальнае чытво” па-беларуску можна будзе набыць у крамах і ў распаўсюджвальнікаў.
Чаму сярод мноства фільмаў, якія атрымалі ўзнагароду “Оскар”, абрана было менавіта “Крымінальнае чытво”? Адказвае рэжысёр дубляжу, музыка і шоўмэн Аляксандр Памідораў.
— Гэта знакавае кіно 90-х гадоў. На гэтым фільме шмат хто выхаваўся і ў творчым плане, і ў жыццёвым. Нягледзячы на тое, што гэта саркастычнае вельмі кіно, там шмат кпінаў.
Перакладаў тэкст з ангельскай Максім Шчур. Мовазнаўцы Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі – рэдагавалі пераклад. Але акцёры ўсё адно ўносілі свае карэктывы.
Распавядае рок-музыка Лявон Вольскі:
— Заўсёды ёсць магчымасць імправізацыі. Незвычайныя ўражанні! Па-першае, вельмі добры фільм, рэвалюцыйны. Настолькі добра прапісаныя гэтыя персанажы ў Таранціны! Давялося сапраўды пабыць нам з Ганнай крымінальнай парачкай, якая рабуе кавярню. Мы, калі пачыналі, крышачку скептычна ставіліся. Але калі паглядзелі на вынік, нам вельмі спадабалася, вельмі задаволеныя. Калі будуць запрашаць, то з задавальненнем будзем працягваць. Гэта ж гуманітарная дапамога беларускаму народу.
Ганна Вольская:
— Мы агучвалі такую экстрэмальную парачку. Было вельмі прыкольна. Цікава, што на беларускай мове трэба было сварыцца адзін з адным, выкарыстоўваць лаянку. Мы думалі ўвогуле, што нічога не атрымаецца, бо мая гераіня — дурніца з дурніц. Я спачатку была ў шоку, што такую гераіню трэба агучваць. Але потым ўжываешся ў ролю. Думаю, што атрымалася нармальна.
Акрамя Лявона і Ганны Вольскіх, у дубляжы “Крымінальнага чытва” удзельнічаюць музыкі Піт Паўлаў, Ігар Варашкевіч, Аляксандар Памідораў, журналістка Вольга Бабак, палітык Аляксей Янукевіч. Янукевіч — бадай, самы дасведчаны ў гэтым кагорце: гуляў у школьным драмгуртку, а ў фільме “Любоў насамрэч” агучваў прэм’ер-міністра Брытаніі.
Распавядае Аляксей Янукевіч:
— Я думаю, што некаторыя палітычныя здольнасці можна праявіць пры гэтым, а некаторыя можна ўдасканаліць. Герой, якога я агучваю, яшчэ і вельмі моцны духам персанаж, сам пра сябе клапоціцца, прыдумляе нейкія камбінацыі і дамагаецца таго, што ён хоча. Не толькі на рынгу, але і ў жыцці. Я лічу, што гэта вельмі добрая рыса.
Пра падбор акцёраў распавядае Аляксандр Памідораў:
— Нават калі былі размеркаваныя ролі, потым у нас адбыліся змены толькі таму, што нехта хацеў выконваць не тую ролю, якая яму была прызначана, а іншую, бо гэты персанаж больш падабаецца, але ў яго менш тэксту. І кастынг у нас быў. Мы разам з прадзюсарам Франакам Вячоркам вырашалі, хто можа сыграць. Да таго ж, пасля “Шрэку” было жаданне прыцягнуць як мага больш знакамітых персон, прынамсі, музыкаў.
Паводле радыё “Свабода”
|