Канфлікт з-за “белай смерці”

У расійскай прэсе было зашмат публікацый аб энергетычных і харчовых канфліктах з Беларуссю. Апошняя праблема, якую ўсе абмяркоўвалі — пастаўкі беларускага цукру. Галоўны ціск з боку расійскай прэсы быў на тое, каб Масква абмежавала пастаўкі звыштаннага беларускага цукру на расійскі рынак і абараніла расійскую прамысловасць.

Напрыклад, у газеце “Известия”, у артыкуле “Белорусский” сахар — под запретом. Энергетический конфликт сменился продуктовым” (ад 16 студзеня 2007 г.) разглядалася пытанне: які цукар і па якім кошце Беларусь увозіць у Расію:

“Беларусь увозіць у нашу краіну цукар бяспошлінна. Адзінае абмежаванне — пастаўляць цукар уласнай вытворчасці. Гэта значыць бураковы. Але братэрская рэспубліка разумее мытную вольніцу па-свойму. У Расію ідзе бесперапынны струмень таннай прадукцыі, вырабленай з... трысніку. Які, як вядома, у Беларусі не вырабляецца. А прывозіцца з краін Лацінскай Амерыкі (гэты факт быў ужо даказаны экспертызай).
Зрэшты, досыць зірнуць на лічбы. Штогод беларусы з’ядаюць каля 350 тысяч тон салодкага прадукту. Гэта не нашмат менш, чым вырабляе ўся прамысловасць саюзнай дзяржавы (прыкладна 400 тыс. тон). Атрымоўваецца, што ў Расію (а Беларусь экспартуе цукар толькі ў нашу краіну) павінна штогод пастаўляцца не больш 50 тон цукру. Як бы не так! Па дадзеных кампаніі “Союзроссахар”, аб’ём паставак з Беларусі ў апошнія гады даходзіў да... 480 тыс. тон. Нядзіўна, што “братэрскага” цукру на нашым рынку — трэць ад усяго імпарту.
У прынцыпе, пастаўляць трысняговы цукар беларусам ніхто забараніць не можа. Плаці экспартную мыту — і ніякіх пытанняў. Але ў Мінску вырашылі на ёй зэканоміць. “У выніку за 2002-2005 гады Расія недаатрымала $165 млн. — за рээкспарціраваны цукар”, — зазначыў намеснік старшыні кіравання “Союзроссахара” Сяргей Міронаў….
… Эксперты лічаць, што хутчэй за ўсё з беларусамі дамовяцца палюбоўна. Падстава да такой версіі — нядаўняе выказванне прэм’ер-міністра Расіі Міхаіла Фрадкова, які выказаў надзею, што саюзная дзяржава прыме рашэнне добраахвотна абмежаваць пастаўкі на расійскі рынак.
“Мы цалкам можам забяспечыць сябе цукрам самі, — лічыць Міронаў. — Бо ў Расіі каля 80 цукровых заводаў, а ў Беларусі толькі чатыры. Да таго ж перапрацоўка цукру нам абыходзіцца танней, чым суседзям, — у нас энерганосьбіты танней”. (Па матэрыялах газеты “Известия”).

17 студзеня была прынятая дамоўленасць па цукру. Як паведамляе БелТА, Беларусь сама ўзяла на сябе цяжар абмежавання паставак на расійскі рынак да 180 тыс. тон у бягучым годзе і да 100 тыс. тон — у наступным.

Гэта дамова адразу была пракаментавана “Агенцтвам фінансавых навінаў”:

Гэта пры тым, што, як паведамлялася раней, на 2007 год былі ўжо складзеныя кантракты на 350 тыс. тон. Беларусь абмежавала сябе ўдвая. А ў параўнанні з нашымі магчымасцямі — па некаторых адзнаках, мы маглі б экспартаваць да 600 тыс. тон, то і ўтрая. Пры гэтым добраахвотна, а значыць, трэба разумець, зараз на беларускі бок ляжа абавязак адсочваць гэтыя самыя тоны і перарываць кантрабандныя пастаўкі

Варта таксама адзначыць, што ў цяжкай бескампраміснай перагаворнай барацьбе “нашы” вырвалі ў расейцаў аж 80 тыс. тон, бо Расія з самага пачатку жадала абмежаваць аб’ём пастаўкі да 100 тыс. тон. Так што атрымалася, што не ўсе адкаты прыйдзецца вяртаць за падпісаныя кантракты. Тут праўда, ёсць адзін маленькі нюанс. Па некаторых дадзеных, сёлета ўжо пастаўлена каля 120 тыс. тон у РФ. Ці трэба разумець, што нам засталося паставіць усяго 60 тысяч або тыя тоны нам прабачылі, бо яны ўжо прайшлі зневажальную праверку на бураковасць, якая зараз адмяняецца, і расейцам няма ніякай справы да таго, будзем мы пастаўляць бураковы або трысняговы цукар.

Яшчэ адзін нюанс — няма пакуль інфармацыі, а што нам будзе, калі мы парушым добраахвотна ўзятае на сябе абмежаванне. Ну, знясе ў нас страху, не вытрымаем мы абстынентнага сіндрому, заваленыя ўласным цукрам і яшчэ не перапрацаваным бураковым ураджаем 2006 года. Што тады? Будуць як па нафце, інтэнсіўную тэрапію пошлінамі праводзіць?

Але ў прынцыпе, самаабмежаванне — гэта нам на карысць. З улікам будучага жыцця ў зямлянках пара пачынаць абмяжоўваць сябе і ў вытворчасці і ў спажыванні, а ўжо тым больш — салодкага.

Паводле газеты “Известия”,
агенцтваў БелТА і АФН
‹‹ на галоўную | у архіў