Герман Грэф: Стварэнне Саюзнай дзяржавы немагчыма без эканамічнай інтэграцыі
Стварэнне Саюзнай дзяржавы з Беларуссю немагчыма без эканамічнай інтэграцыі. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Расіі Герман Грэф, выступаючы ў Дзяржаўнай думе.
“Праблема ў тым, што ў нас з Беларуссю не рынкавыя адносіны, але самае сумнае нават не гэта, а тое, што ў нас не ідуць інтэграцыйныя працэсы і не выконваюцца міждзяржаўныя дамовы”, — сказаў ён.
Па меркаванні кіраўніка МЭРГ РФ, зараз для стварэння Саюзнай дзяржавы неабходна, па-першае, падпісанне Канстытуцыйнага акту, распрацоўка якога была прыпыненая беларускім прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Па-другое, увядзенне адзінай валюты на тэрыторыі абедзвюх краін. Гэты план распрацоўваўся два гады, але ў 2004 г. А.Лукашэнка ў апошні момант адмовіўся.
Па-трэцяе, для стварэння Саюзнай дзяржавы неабходна адзіная рэгуляціўная эканамічная прастора, якая на дадзены момант “абсалютна не сінхранізаваная”.
Па словах Г.Грэфа, у цяперашні час у Беларусі дзейнічае 59 абмежавальных працэдур, накіраваных супраць расійскіх вытворцаў. “Расійскія вытворцы лекаў і аўтамабіляў пазбаўленыя нават тых прэферэнцый па падатку на дадатковую вартасць (ПДВ), якімі валодаюць трэція краіны. У Беларусі дзейнічаюць квоты на тытунь, на піва”, — сказаў міністр. Ён падкрэсліў, што ў рамках перамоў бакі дашлі да таго, што адпаведная міжурадавая дамова аб адмене гэтых абмежавальных мер будзе падпісана ў найбліжэйшы час.
Акрамя таго, Расія прыменіць меры ў дачыненні сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусі, калі яна будзе выкарыстоўваць забароненыя субсідыі, заявіў Грэф. “Мы не абмяжоўвалі гандаль сельгаспрадукцыяй з Беларуссю, але Беларусь павінна адмовіцца ад забароненых субсідый”, — падкрэсліў ён.
Г.Грэф, падчас расійска-беларускіх перамоў аб пастаўках нафты, паведаміў, што краіны павінны будуць дамовіцца на працягу 2007 года. А да падпісання гэтай дамовы яны будуць інфармаваць адзін аднаго аб прадстаўленні любых субсідый.
Па дадзеных міністра, за мінулы год “з бюджэту Расіі было накіравана 3,6 млрд даляраў у бюджэт Беларусі і частка гэтых грошаў была накіраваная на субсідзіраванне сельскай гаспадаркі”. Акрамя таго, адзначыў ён, субсідзіраванне сельскай гаспадаркі Беларусі ў разліку на адзін гектар у тры разы перавышае расійскі ўзровень.
Паводле belaruspartisan.org
|