Кошт Шэнгенскай візы для беларусаў цяпер 60 еўра

Пасол ФРГ у Беларусі Марцін Хеккер паведаміў на прэс-канферэнцыі 16 студзеня, што кошт Шэнгенскай візы для беларусаў павысіўся з 35 еўра да 60. Падвышэнне пасол Нямеччыны растлумачыў вялікімі выдаткамі на афармленне дакументаў, бо зараз для ўезду ў краіны Шэнгенскай дамовы трэба афармляць біяметрычныя візы.

“Стаўка, якая была раней, не пакрывае выдаткаў, неабходных для таго, каб выдаваць біяметрычныя візы. Аб гэтым сведчыць досвед Францыі, якая летась першай пачала ў Беларусі выдаваць біяметрычныя візы. А менавіта такія дакументы неабходныя ў мэтах бяспекі”, — перадае словы амбасадара беларуская служба радыё “Свабода”.

“Жадаю адзначыць, што існуе магчымасць адначасова з падвышэннем кошту атрымаць візу і без консульскага збору. Гэта датычыцца гуманітарных паездак. У першую чаргу, звязаных з чарнобыльскімі праблемамі. Акрамя таго, бясплатныя візы будуць атрымоўваць дзеці да сямі год”, — удакладніў Марцін Хеккер.

У той жа час, нямецкі дыпламат паведаміў, што кіраўніцтва Еўрасаюза разглядае магчымасць спрашчэння выдачы віз для беларусаў, у якіх ёсць цесныя і роднасныя сувязі з жыхарамі ЕС.

“Візавыя пытанні еўрапейскія краіны яшчэ абмяркоўваюць. Зразумела, што краіны-суседзі з Беларуссю, маюць зусім іншыя інтарэсы, чым далёкія. Як амбасадар Нямеччыны я выдатна разумею: існуюць роднасныя і дружалюбныя адносіны, якія нельга ігнараваць. І думаю, што Еўрасаюз знойдзе прымальнае рашэнне”, — лічыць Марцін Хеккер.

Раней “Тэлеграф” паведамляў, што парламент Літвы выступіў катэгарычна супраць падвышэння кошту віз для грамадзян краін, што не ўваходзяць у ЕС. Да далучэння Літвы да Шэнгенскай дамовы кошт аднаразовых віз для беларусаў складзе пяць еўра.

У сваю чаргу, Еўрапейскі саюз ухваліў пятага кастрычніка прапанаваныя правілы, якія спрашчаюць уезд на сваю тэрыторыю жыхароў прымежных з ім раёнаў суседніх краін. Паводле новых правіл, з’явіцца бязвізавы “пропуск на скрыжаванне мяжы” для неграмадзян ЕС, якія пражываюць паблізу ад еўрапейскай мяжы.

Новыя правілы змогуць уступіць у сілу толькі пасля таго, як будзе прынятая прапанова Еўракамісіі аб вызваленні жыхароў прымежных раёнаў ад атрымання візы. Такая прапанова была прадстаўлена ў ліпені 2006 года.

Паводле радыё “Свабода” і telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў