Адміністрацыя калоніі аказвае ціск на А.Казуліна
12 студзеня адвакат Д.Гарачка наведаў А.Казуліна ў выпраўленчай калоніі № 3. Па паведамленні адваката, на сустрэчы з асуджаным абмяркоўваліся пытанні падачы нагляднай скаргі ў Вярхоўны суд, а таксама пытанні, звязаныя са знаходжаннем А.Казуліна ў калоніі.
Спадар Гарачка распавёў аб некаторых выніках візіту. Па словах адваката, стан здароўя Аляксандра Казуліна здавальняючае. Ён паступова выходзіць з галадоўкі, аднак у адваката выклікаюць заклапочанасць тыя факты, што ў Казуліна дагэтуль не праходзяць ацёкі ног, ён часта церпіць ад пакутлівых прыступаў страўнікавых і нырачных колікаў, прыкметы таксікозу, з прычыны чаго змушаны падоўгу заставацца ў ложку. Нягледзячы на такія фізічныя пакуты, Аляксандр Казулін поўны энергіі і настрой яго бадзёры.
Адзінай праблемай, аб якой палічыў патрэбным распавесці адвакату А.Казулін, з’яўляюцца ўзаемаадносіны з некаторымі прадстаўнікамі адміністрацыі калоніі. Бачачы, што А.Казулін выходзіць з крызіснага стану пасля 53-дзённай галадоўкі, яны засяродзілі сваю ўвагу на тым, каб усяляк ускладніць жыццё А.Казуліна ў калоніі. Камандзір атрада, у якім знаходзіцца А.Казулін, і намеснік начальніка калоніі па ідэалогіі спрабуюць зламаць яго маральна, нацкоўваюць на яго іншых асуджаных, прыдзіраюцца да яго па ўсякіх дробных падставах, ходзяць за ім літаральна па пятах. На Каляды Казуліну, адзінаму з усіх асуджаных, не было дазволена пайсці ў царкву, якая знаходзіцца на тэрыторыі калоніі. (Напярэдадні навагодняй ночы Аляксандр разам з яшчэ адным сваім таварышам усю ноч да 5 раніцы ўпрыгожваў яліну ў двары). Такія прыдзіркі А.Казулін адчувае пастаянна, і калі нападкі на яго не спыняцца, ён мае намер падаць скаргу ў ДІН на дзеянні кіраўніцтва калоніі. Адвакат лічыць, што ў такіх умовах нармальны выхад з галадоўкі здзяйсняць А.Казуліну цяжка.
А.Казулін папрасіў адваката перадаць словы вялізнай падзякі ўсім, хто павіншаваў яго з навагоднімі і каляднымі святамі, бо адказаць на такую вялізную колькасць віншаванняў ён проста не ў стане.
5 студзеня адбылася сустрэча экс-кандыдата ў прэзідэнты А.Казуліна з адвакатам Ігарам Рынкевічам:
— Жонка Казуліна Ірына Іванаўна настойвала на шпіталізацыі мужа, — гаворыць Ігар Рынкевич. — І, пэўна, Аляксандр Уладзіслававіч пагадзіўся б легчы ў лякарню. Але ёсць адно “але”. Ён не давярае медперсаналу турэмнай клінікі. Казулін так прама і сказаў мне: “Адмаўляюся нават ад ін’екцый, таму што памятаю аб лёсе Генадзя Карпенкі”.
Выглядае Казулін дрэнна. У вазе некалькі дадаў, але гэта яшчэ ні аб чым не гаворыць. Ацёкі не праходзяць, асабліва на нагах. У Віцебскай абласной лякарні, дзе палітык прайшоў абследаванне, медыкі канстатавалі парушэнне абмену рэчываў. У Казуліна павялічаныя некаторыя органы, праўда, да шчасця, ніякіх паталогіяў не выяўлена. Верагодна, у арганізм паступае занадта шмат вадкасці, ныркі не паспяваюць яе перапрацоўваць.
Аляксандр Казулін выходзіць з галадоўкі самастойна. Карыстаецца літаратурай, якую ў калонію перадала жонка, рэкамендацыямі Сяргея Скрабца.
Зараз ідуць перамовы аб спатканні Казуліна з прадстаўнікамі Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Казулін гаворыць, што ён не супраць абследаванні лекараў незалежнай арганізацыі. У сувязі з гэтым ён пагадзіўся нават на сустрэчу з амбасадарам Нямеччыны Марцінам Хеккерам у залік кароткатэрміновых спатканняў.
Паводле nv-online.info і kozylin.com
|