Каляды — 2007 у “Світанку”
Мінуў яшчэ адзін год, і вось ужо мінулі і Каляды — 2007 у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Світанак” – адно з тых традыцыйных святаў латвійскіх беларусаў, што святкуецца штогод з моманту заснавання таварыства.

Калядкі спявае гурт таварыства “Світанак”
Вельмі дрэннае надвор’е напярэдадні старога Новага году не перашкодзіла святу 13-га студзеня. У Шчодры вечар, у будынак Асацыяцыі нацыянальных таварыстваў Латвіі, прыйшло больш як паўсотні тых, каму важна адчуваць сябе беларусам і на адлегласці ад радзімы, захоўваць родную мову, традыцыі, абрады – усё, што мы зараз называем этнічнай ідэнтычнасцю. Традыцыйна ў “Світанку” збіраюцца беларусы незалежна ад веравызнання, узросту, прафесійнай прыналежнасці, прыязджаюць не толькі рыжане, але і жыхары іншых гарадоў Латвіі. Гэтак жа традыцыйна прыходзяць на свята павіншаваць беларусаў прадстаўнікі нацыянальнасцяў гістарычна нам блізкіх – латышы, украінцы, рускія, палякі, габрэі, летувісы. Не сталі выключэннем і Каляды — 2007, прадстаўнікі габрэйскага і украінскага культурных таварыстваў упрыгожылі беларускае свята сваімі спевамі. Але галоўнымі спевакамі, канешне, былі ўдзельнікі гурту “Світанак”. Гучалі у выкананні гурта шматлікія калядкі, шчадроўкі, народныя песні, беларускія рамансы (у тым ліку падрыхтаваныя спецыяльна да гэтага свята). Не заставаліся ў баку і прысутныя госці каляднай вечарыны, нашы цудоўныя беларускія песні спявалі ўсе без выключэння і гучалі спевы да самага позняга вечара. А сольнымі нумарамі парадавалі прысутных Людміла Ігнатава, Наталля Камілеўская і Людміла Брыго. Людміла Ігнатава прачытала свае ўласныя вершы, прысвечаныя нашаму Збавіцелю і Нараджэнню Хрыстову.

Віншаванне ад украінцаў Латвіі
Павіншаваў усіх прысутных і “світанкаўцаў” таксама замежны госць – аспірант з польскага горада Торуні Томаш Блашчака, які прыехаў у Рыгу збіраць матэр’ял для сваёй доктарскай працы, прысвечанай дзейнасці беларускіх арганізацый у Латвіі ў міжваенны перыяд, і завітаў на нашу вечарыну.

Госць з Польшчы Томаш Блашчак
Вельмі шмат віншаванняў прыйшло на адрас таварыства “Світанак” з усяго свету. Старшыня таварыства зачытала некаторыя віншаванні і пажаданні латвійскім беларусам: ад Амбасады РБ у Латвіі і прызначанага ў мінулым годзе пасла Александра Герасіменкі, ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Рыжскай беларускай асноўнай школы, Таварыства беларускай культуры ў Літве і інш.

Два пакаленні “світанкаўцаў” – сябры Рады Алёна Мельнік і Алесь Жалейка
З надзеяй на новыя сустрэчы і на Боскае спрыянне ўсім беларусам свету, як прагучала ў пажаданні ад ЗБС “Бацькаўшчына”, развітваліся беларусы ў Шчодры вечар 2007 года....
Таццяна Казак
здымкі Янкі Грыневіча і Алёны Мельнік
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак”
(www.svitanak.lv)
|