Паляндвіцы no pasaran
Цяпер мяса, малако і рыбу змогуць пастаўляць у Расію толькі тыя прадпрыемствы, якія праверыў Рассельгаснагляд. Такі парадак дзейнічае для краін, якія ў Расіі называюцца “далёкім замежжам”, Балтыі і Украіны. Для Украіны такі парадак быў уведзены год таму і не нанёс значнай шкоды ўкраінскай эканоміцы.
Як заявіў у чацвер кіраўнік расійскай Федэральнай службы ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Сяргей Данкверт, з гэтага моманту Расія будзе імпартаваць мяса, малако і рыбу з Беларусі толькі з атэставаных Рассельгаснаглядам прадпрыемстваў.
Фактычна, гэта першыя гандлёвыя санкцыі супраць “братняе краіны”. Такім чынам, іх увядзенне распачалося з жывёлагадоўчай прадукцыі, якою славіцца Беларусь.
Па дарозе ў Маскву прэм’ер-міністр Беларусі С.Сідорскі 11 студзеня заявіў, што прынятыя Масквой захады “скіраваныя на падпарадкаванне эканомік іншых краін”. Гэтыя рэзкія словы маюць пад сабой падставу. Толькі Беларусь немае чым адказаць, акрамя як агрызацца.
Расія працягвае жорсткі прэсінг. Абмежаванне, пра якое абвешчана 11 студзеня, — гэта чарговы акт шантажу.
У цяжкім процістаянні ўрад Лукашэнкі не можа разлічваць на палітычную і фінансавую дапамогу Захаду, які ў аналагічных сітуацыях дапамог вытрымаць ціск і перабудаваць гаспадарку спачатку краінам Балтыі, а апошнія гады – Украіне і Грузіі. Гэтыя краі перажылі “нафтавы шок” у першай палове 90-х, а “газавы шок” у мінулыя гады без вялікага клопату для эканомік.
Як распавялі “Газете.Ru” ў Рассельгаснаглядзе, “пакуль ніводнае жывёлагадоўчае прадпрыемства Беларусі расейскім ведамствам акрэдытаванае не было. План акрэдытацыі мае быць зацверджаны 15 студзеня на сустрэчы кіраўнікоў ветэрынарных службаў Беларусі і Расіі.
Ад уведзеных санкцый пацерпяць, у прыватнасці, “Савушкін прадукт” (Брэст), “Белавежскія сыры” (Пружаны-Высокае), “Бярозка” (Бяроза) і іншыя кампаніі, што асвойвалі расійскі рынак пад цёплай апекай былога берасцейскага старшыні аблвыканкаму, а цяпер пасла ў Расіі Васіля Даўгалёва.
Таксама сельскагаспадарчыя санкцыі ўдараць па мясакамбінатах і, адпаведна, жывёлагадоўчых комплексах. Паводле вынікаў 2006 года Беларусь заняла шостае месца па пастаўках у Расію свініны пасля Бразіліі, Даніі, ЗША, Канады і Нямеччыны. Як падае расійская мытня і “Росстат”, у першым паўгоддзі 2006 года ў Расію было пастаўлена па імпарце каля 563 тыс. тон свежага і марожанага мяса. Беларуская доля ў імпарце падскочыла, бо беларусы спрытна апанавалі нішу забароненай для ўвозу ў Расію ўкраінскай мясной прадукцыі.
Доля Беларусі ў імпарце масла ў 2006 годзе дасягнула больш чым 45% (38% у 2005-м). Імпарт сухога малака ў Расію практычна цалкам ажыццяўляўся Беларуссю (больш чым на 80%).
Выканаўчы дырэктар Малочнага саюзу Расіі Уладзімір Лабінаў у сераду нават выказаў думку, што на беларускую малочную прадукцыю варта ўвесці паўнавартасныя мыты ў памеры 15%. Толькі гэта, на ягоную думку, можа ўратаваць Расію ад беларускага дэмпінгу і рээкспарту.
Паводле газеты “Наша Ніва”
|