Падрыхтавана дамова паміж Беларуссю і Італіяй аб аздараўленні дзяцей

Падрыхтаваны праект дамовы паміж Беларуссю і Італіяй аб аздараўленні беларускіх дзяцей на тэрыторыі Італьянскай Рэспублікі. Аб гэтым БелаПАН паведаміла намеснік міністра адукацыі Беларусі Таццяна Кавалёва.

Па словах намміністра, у дамове пазначаныя агульныя пытанні аздараўлення беларускіх дзяцей у Італіі, а таксама замацаваныя тыя дамоўленасці, якія дасягнутыя ў апошні час пасля з’яўлення праблемных момантаў.

“Асноўныя пункты дамовы замацоўваюць разуменне абодвума бакамі паняцця гуманітарнага працэсу і абавязкі бакоў, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі знаходжання дзяцей за мяжой”, — сказала Т.Кавалёва. У дамове, падкрэсліла яна, таксама пазначанае прызнанне абодвума бакамі, што беларускія дзеці, адпраўленыя на аздараўленні ў Італію, з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і на тэрыторыі Італьянскай Рэспублікі захоўваюць усе правы, вызначаныя нацыянальным беларускім заканадаўствам.

“Усе пытанні, звязаныя з беларускімі дзецьмі, павінны будуць вырашацца на падставе беларускага заканадаўства і пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў беларускага боку”, — сказала Т.Кавалёва. Яна адзначыла, што “ёсць падставы меркаваць, што гэта дамова будзе падпісана”. Намміністра падкрэсліла, што пасля падпісання дакумента дзеці-сіроты, якія зараз могуць выязджаць на адпачынак у Італію толькі ў спецыяльна арганізаваныя месцы (лагеры, базы адпачынку. — БелаПАН.), у далейшым ізноў змогуць адпачываць у італьянскіх сем’ях.

Паводле БелаПАН
і АФН
‹‹ на галоўную | у архіў