Непатрэбны цукар

Беларускі цукар дагэтуль не прапускаецца ў Расію. “Ніякіх зменаў у праблеме пропуску беларускага цукру ў Расію няма”, — паведамілі БелаПАН у канцэрне “Белгасхарчпрам”.

Нагадаем, на мінулым тыдні старшыня канцэрна Ігар Данчанка паведаміў на прэс-канферэнцыі, што з 29 снежня праз склад, які належыць ТАА “Цукар” расійскага саюза цукравытворцаў, практычна спынены пропуск беларускага цукру. Ён адзначыў, што з-за прастояў, выгрузкі і загрузкі вагонаў, страты складаюць каля 2 млн. даляраў.

Тым ня менш Беларуская цукровая кампанія мае кантракты на пастаўку 350 тыс. тон цукру ў расійскія рэгіёны. Аднак іх немагчыма выканаць з-за ўведзеных абмежаванняў Федэральнай мытнай службай. Беларускі бок прапаноўвае экспартаваць у Расію па 350 тыс. тон цукру. Падчас нядаўніх перамоў расійскім бокам было прапанавана скараціць аб’ём паставак цукру да 100 тыс. тон.

Беларуская чыгунка таксама нясе вялікія страты з-за прастояў вагонаў з цукрам. За два апошніх месяца, па дадзеных на 31 снежня 2006 года, яны склалі 1,3 млрд. рублёў ($600 тыс.). У цяперашні час да адпраўкі ў Расію падрыхтаванае 210 вагонаў з цукрам.

Тым часам на цукровых камбінатах рыхтуюцца да прастою. Сёння ў цэхах Слуцкага цукровага камбіната пройдуць сходы працоўных. Адміністрацыя прадпрыемства загадзя абвясціла, што будуць абмяркоўвацца пытанні арганізацыі больш працяглага перыяду беспрацоўя.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Слуцкі цукровы камбінат” мае да адной тысячы працаўнікоў і ўтрая большую колькасць уладальнікаў акцый. Яшчэ прадпрыемства з’яўляецца асноўным падаткаплацельшчыкам у райцэнтры — гарантуе заробкі працаўнікам бюджэтнай сферы. Кацельная камбіната абагравае камунальныя дамы, а Палац культуры, дзіцячы садок і фірмовыя крамы ствараюць сацыяльную базу мікрараёну “Першы гарадок”.

Акрамя як у Слуцку, цукровыя камбінаты на сёння ёсць таксама ў Жабінцы, Гарадзеі, Скідзелі. І яны таксама базавыя прадпрыемствы сваіх мястэчак. Па распараджэнні прэзідэнта тры гады таму атрымалі 35 мільярдаў рублёў на рэканструкцыю. Але сёння высвятляецца, што нарошчвалі вытворчасць без уліку эканамічнай рызыкі.

Як даводзіць старшыня праўлення ААТ “Слуцкі цукровы камбінат” Восіп Тамада, эканамічная нестабільнасць прадпрыемства можа выклікаць у Слуцку сацыяльнае ўзрушэнне: “Як разлічыцца за крэдыты, які мы ўзялі? Мы ж сёлета ўзялі 40 мільярдаў рублёў для разлікаў!.. Беларусь у 2006 годзе вырабіла цукру на 2,5 гады наперад, калі зыходзіць з нормаў спажывання беларусамі. Чатыры цукровыя заводы вырабілі больш за 800 тысяч тон цукру. Лічылі, што Расія будзе забіраць лішкі. А насамрэч трэба было прадугадваць такія моманты”.

Паводле Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, сацыяльная напружанасць на цукровых камбінатах Беларусі тычыцца непасрэдна больш як 20 тысяч працаўнікоў галіны і ўладальнікаў грашовых акцыяў гэтых прадпрыемстваў.

Паводле БелаПАН,
радыё “Свабода” і tut.by
‹‹ на галоўную | у архіў