Батлейка — найвялікшае захапленне пана Скіргайлы
30 снежня ў 12:00 у сядзібе Партыі БНФ адбудзецца паказ батлейкі пана Скіргайлы. Пан Скіргайла – асоба вельмі вядомая сярод тых, хто цікавіцца беларускім сярэднявеччам. Ён – пастаянны ўдзельнік рыцарскіх турніраў, сярэднявечных канцэртаў, фэстаў, паказаў сярэднявечнай моды.
Пан Скіргайла кажа, што менавіта сярэднявечная культура прыносіць яму найвялікшую асалоду ў жыцці. Ён і вершы на старабеларускай мове чытае, і на дудзе грае, і на флейце, а самае галоўнае – ён найлепшы батлеер ад Нясвіжа да Вільні. Пан Скіргайла на свой сярэднявечны манер перайначвае імёны. Ён нават сваё афіцыйнае імя – Сяргей – змяніў на іншае, больш старажытнае – Скіргайла.
Пан Скіргайла: “Герадот узгадваў існаванне батлейкі, казаў, што грэкі мелі лялечныя тэатры, якія маглі дзейнічаць нават без дапамогі чалавека. А тэатр, якім кіравалі людзі, існаваў у Грэцыі ўжо ў першым тысячагоддзі да нашай эры. Але батлейка ў Грэцыі пакрысе сышла ў нябыт, адбылося гэта адразу пасля прыходу хрысціянства. А на Беларусі батлейка з’явілася ў пятнаццатым стагоддзі, калі яе сюды завезлі манахі-францысканцы, якія яе выкарыстоўвалі падчас Калядаў і іншых святаў. Потым батлейка ўжылася і ў праваслаўную традыцыю. Гэтая канкурэнцыя дапамагала распаўсюджванню батлейкі, невядома толькі, ці карысталіся ёю пратэстанты.
Батлейка вельмі імкліва развівалася, асабліва да падзелаў Рэчы Паспалітай. У кожнай вёсцы быў свой батлеечны тэатр, ён быў запатрабаваны, сяляне, часта непісьменныя, кожны тыдзень хадзілі глядзець батлейку. Гэта – сведчанне ўзроўню культуры нашых продкаў. Батлеерамі заўсёды былі прафесіяналы, якія не працавалі на зямлі, а займаліся толькі батлейкай, яны і жылі з гэтага. Паміж імі нават часта была канкурэнцыя, бо сяляне маглі пайсці глядзець батлейку ў іншую вёску, што прыводзіла да вялікіх матэрыяльных страт батлеера.
Пасля сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя батлейка пачала паступова прыходзіць у заняпад, пагаршалася эканамічнае становішча сялянства, пачалася трынаццацігадовая вайна з Расеяй, і пра батлейку пачалі паступова забываць.
Адраджэнне батлейкі супала па часе з адраджэннем беларускай мовы. Яе пачаў адраджаць Алесь Лось у сямідзесятыя гады дваццатага стагоддзя і, каб паказваць батлейку, ён мусіў перапісаць сцэнар, замест рэлігійных персанажаў яму давялося зрабіць героямі Дзеда Мароза, Снягурку, ваўкоў з зайчыкамі. Гэта можна было паказваць, а традыцыйны спектакль паказваць было вельмі небяспечна. А па-сапраўднаму адрадзіла батлейку Яўгенія Ліс. Яна ездзіла па музеях, кансультавалася з рэстаўратарамі, шукала старадаўнія дэталі батлейкі.
Але адраджэнне батлейкі ідзе вельмі цяжка, нашмат цяжэй за адраджэнне беларускай мовы. Зараз вельмі складана арганізаваць паказ батлейкі, знайсці гледачоў, месца і сродкі правядзення паказу батлеечнага тэатру".
Запрашаем на паказ батлеечнага тэатру!
Даведкі па тэлефоне (+375 29) 669 29 04 (Каця)
|