Юры Туронак. Людзі СБМ

 

Арляняты маладыя,
Маладыя, сьмелыя,
Падымайце ў сонца сьцягі
Бел-чырвона-белыя…

Міхась Кавыль

Юры Туронак. Людзі СБМ. Вільня: Gudas, 2006. – 224 с. Гэта кніга — навукова-папулярнае выданне беларускага аўтара з эміграцыі. У ёй даследуецца заснаванне і дзейнасць Саюза беларускай моладзі (СБМ).

Сам Юры Туронак нарадзіўся 26 красавіка 1929 года ў Дукштах (Літва). Сын вядомага заходнебеларускага палітычнага дзеяча, лекара Браніслава Туронка. Скончыў Галоўную школу планавання і статыстыкі ў Варшаве (1952). Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце, дзе займаўся даследаваннямі кан’юнктуры міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Еўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэневе.

З пачатку 1960-х займаецца гістарычнымі даследаваннямі: вывучэннем нацыянальнага руху пачатку ХХ ст., беларуска-польскіх дачыненняў у ХХ ст., гісторыі Рыма-Каталіцкага Касцёла. У 1986 г. у Варшаве абараніў доктарскую дысертацыю “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Аўтар шэрагу гісторыка-даследчых кніг і артыкулаў.

У кнізе “Людзі СБМ”аўтар робіць спробу цвярозай ацэнкі самой арганізацыі, а таксама той ролі, якую яна адыграла ў лёсе ваеннага пакалення і айчыннай гісторыі наогул. Асаблівая ўвага ў кнізе нададзеная своеасабліваму “чалавечаму” фактару ў дзейнасці СБМ.

Уступная частка кнігі называецца “Доследы пад націскам палітыкі” і распавядае аб тым, што “Саюз беларускай моладзі быў створаны з дазволу нямецкіх уладаў і пад іхным наглядам дзейнічаў у акупаванай Беларусі і ў Нямеччыне. СБМ быў унікальнай арганізацыяй моладзі, якой не было ніколі раней ці пазней. Гэта арганізацыя паўплывала на патрыятычнае выхаванне беларускай моладзі і фармаванне яе антыбальшавіцкага стаўлення. Разам з Нямеччынай Саюз беларускай моладзі апынуўся ў ліку пераможаных саюзніцкай кааліцыяй ды перайшоў у гісторыю.

Дзейнасць СБМ трактавалася савецкімі ўладамі як калабарацыя з нямецкімі акупантамі, а ягоныя актывісты, нават шараговя сябры, пасля вайны караліся як ворагі савецкай дзяржавы.”

У кнізе таксама распавядаецца пра заснаванне СБМ, ідэалізм Кубэ і прагматызм Готберга, кіраўнічыя кадры, станаўленне ў люстэрку статыстыкі, аб школе патрыятычнага выхавання, аб працоўных групах і ваеннай службе СБМ у Нямеччыне, аб краху і некаторых рэфлексіях. У дадатку кніга змяшчае аналіз арганізацыйных ўстановак (статута, загаду, запаветаў….), мастацкія формы патрыятычнага выхавання (прозу, паэзію, песні), а таксама аналіз выкарыстаных крыніц і літаратуры.

Глыбіня распрацоўкі ўзятай тэмы Юрыем Туронкам уражвае. Кніга як навукова-папулярнае выданне будзе карысна любому чытачу. Калі мы вас зацікавілі – звяртайцеся на выставу ва Управе БНФ (Варвашэні, 8).

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў