Няма межаў у майстэрства
Сапраўды бязмежныя творчыя магчымасці майстроў паказаў мінулы нядаўна ў Новасібірску абласны фэст беларускіх мастацкіх рамёстваў. Арганізаваны ён быў дэпартаментам культуры Новасібірскай вобласці і абласным Цэнтрам беларускай культуры, а ўдзел у ім прыняло больш за 80 майстроў з 13 раёнаў.
Пачатак рамяства…
Яно сапраўды сыходзіць сваімі каранямі ў далёкае мінулае, калі беларусы — некаторыя добраахвотна, іншыя не па сваёй волі патрапілі, ў Сібір. А іх традыцыйныя рамёствы развіваліся, прарасталі, перадаваліся з пакалення пакаленню і дайшлі да нашых дзён.
Сапраўдным святам стаў заключны этап фэсту, дзе былі прадстаўлены лепшыя з лепшых. А папярэднічала гэтай феерыі, як водзіцца, вялізная праца раённых і гарадскіх аддзелаў культуры. Тры этапы фэсту, з верасня па лістапад, дазволілі дбайна адабраць годных, адкрыць шмат імёнаў раней не вядомых. У завочным конкурсе арганізатары фэсту знаёміліся з фота- і відэаматэрыяламі. Пераможцы яго патрапілі на занальныя святы фэсту, якія праходзілі ў Акадэмгарадку, Машкова, Куйбышаве. Удзельнікі прадставілі не толькі свае вырабы, але і візіткі — інфармацыю аб сабе, гісторыі рамёстваў, мясцовых традыцый. Усё гэта дало магчымасць журы ўсебакова ацаніць прэтэндэнтаў на удзел ў заключным аглядзе.
Самая галоўная мэта фэсту — вывучэнне і захаванне культурных традыцый сібірскіх беларусаў, садзейнічанне захаванню нацыянальных рамёстваў — прыцягнула і выявіла шматлікіх майстроў, мастакоў, педагогаў і навучэнцаў ДХШ, студэнтаў, прадпрыемстваў мастацкіх рамёстваў.
За 6 гадоў існавання абласнога Цэнтра беларускай культуры, такі грандыёзны агляд рукадзельнага майстэрства быў арганізаваны ўпершыню. Фэст выявіў сапраўдную скарбніцу талентаў у самых далёкіх кутках вобласці, дзе пражываюць этнічныя беларусы. Бо яны здаўна займаліся мастацкай апрацоўкай дрэва, керамікай, гафтам і ткацтвам, каваннем металу. А вырабы з лёну, саломкі і бяросты — найболей тыповыя ў іх мастацкім рашэнні, дзе аўтары выяўляюць майстэрства і бязмежную фантазію.
У фае ДК ім. Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзе праходзіла заключнае свята, вочы ў гасцей разбегаліся ад разнастайнасці экспазіцыі. Драўляная зграбная мэбля, саматканыя ільняныя абрусы, вышытыя ручнікі з нацыянальным арнаментам, вырабы і цацкі з саломкі і бяросты — усё гэта можна было яшчэ і набыць! А майстры з задавальненнем распавядалі гасцям, як стваралі ўсё гэта, ды дзяліліся адзін з адным мастацкім досведам.
Такія сустрэчы — найлепшая магчымасць абмяняцца вопытам, падзяліцца творчымі сакрэтамі. І за гэтую магчымасць ўдзельнікі шчыра дзякавалі дырэктара Цэнтра беларускай культуры Ніну Васільеўну Кабанаву, галоўнага арганізатара гэтага фэсту. А для яе спраўдзілася мара сабраць таленавітых майстроў рукадзелля, даць ім магчымасць “на людзей паглядзець і сябе паказаць”.
Нялёгкая задача была і ў журы, але без узнагароды і падзякі не застаўся ні водны ўдзельнік. “Залатым фондам” фэсту назвалі яго арганізатары шматлікіх удзельнікаў у розных намінацыях. Сярод іх Валянціна Рабчыкава, Маргарыта Хадзінская, Ксенія Осіпава з Паўночнага (ткацтва і гафт), Наталля Саланко з Іскіцімскага раёна (пляценне з бяросты і лазы), Людміла Авакумава з Масляніна і Вольга Верашчагіна з Ардынскага раёна (вырабы з саломкі) і іншыя. А майстар разьбы па дрэве Мікалай Семянкоў з Качанеўскага раёна вядомы яшчэ і як аўтар вершаў.
Адзначым, што ўдзельнічалі ў фэсце не толькі этнічныя беларусы, але і шматлікія сібіракі, якім таксама бліскуча атрымалася адлюстраваць беларускі каларыт, перадаць нацыянальныя матывы ў сваіх працах. І тут трэба казаць аб ўзаемапранікненні культур, калі праяўляецца цікавасць карэнных сібіракоў да нацыянальных каштоўнасцяў беларусаў.
Ярка гэта выявіла і заключная канцэртная праграма, дзе прынялі ўдзел беларускія і рускія калектывы, гучалі беларускія і рускія мелодыі. Як заўсёды, уразілі сваім майстэрствам Качанёўскі вакальны ансамбль “Чапурушка”, “Дабрадзея” з Паўночнага, моладзевы ансамбль “Крынічка” Цэнтра беларускай культуры і іншыя.
Значнасць мінулай фестывальнай імпрэзы была пацверджаная і шматлікімі прывітаннямі і віншаваннямі ў адрас удзельнікаў і гасцей ад Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага Міністэрства культуры, Пасольства Беларусі ў Расіі.
У тэлеграмах адзначаюцца каштоўныя творчыя ініцыятывы Цэнтра беларускай культуры, яго вялікае ўкладанне ў захаванне духоўных каштоўнасцяў беларускага народа, беражлівага захавання культурнай спадчыны продкаў.
Фестываль стаў сапраўдным адкрыццём новай старонкі самабытных беларускіх рамёстваў. На хвалях узаемнага кахання і жадання сустракацца разам, а не варыцца ва ўласным саку, раз’ехаліся ўдзельнікі свята. А у дырэктара Цэнтра беларускай культуры зараз новы клопат: забяспечыць усіх таленавітых творцаў адмысловай літаратурай, відэаматэрыяламі, арганізаваць майстар-класы з запрашэннем адмыслоўцаў з гістарычнай Радзімы — Беларусі. Павінна атрымацца і гэта!
Інфармацыя ад Цэнтра беларускай культуры
ў Новасібірску
|