Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі
Яшчэ адна кніга беларускага аўтара выдадзеная ў Літве. /Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі. Вільня: Gudas, 2006. – 296 с./
Кніга-мемуары па ўспамінах аўтара, удзельнікаў і сведкаў антыбальшавіцкай барацьбы ў Беларусі. Тэма Беларускіх антыбальшавіцкіх паўстанняў да гэтага часу маладаследаваная. Аўтар сваімі успамінамі і даследаваннямі практычна вяртае чытачу страчаную гісторыю, пахаваную савецкімі часамі і безгалоснасцю грамадства. Яшчэ у аўтарскім уступным слове Юрка Віцьбіч акрэслівае сваю пазіцыю ў кнігі і піша: “Тэма маёй працы цалкам супадае з мэтай майго жыцця — змаганне з бальшавізмам…”
У кнізе аўтар выказвае падзяку “той Глыбокапаважанай Інстытуцыі”, што дапамагла распрацаваць тэму жыцця палітычнага эмігранта. Юрка Віцьбіч узяўся за нераспрацаваную тэму, якое пытанне не закрані – адны “белыя плямы”. Таму ім была зробленая вялікая праца. У сваім даследаванні аўтар рабіў інтэрв’ю з удзельнікамі і сведкамі антыбальшавіцкай барацьбы а Беларусі, звяртаўся ў Нью-Йоркскую Публічную бібліятэку і прыватныя, дзе небагата, але ёсць цікавая тэматычная літаратура. Аўтар пагаджаецца, што кожная літаратурная крыніца па-свойму тэндэнцыйная і носіць суб’ектыўны характар. Нават эмігранцкая літаратура, зыходзячы з патрыятычных, а можа, часам і палітычных меркаванняў, тыя альбо іншыя падзеі ці асобы, што маюць адносіны да гэтай тэмы, падаюцца ў крыху ідэалізаваным асвятленні.
“Не мне ацэньваць, наколькі ўдала гэта атрымалася”, — піша аўтар. — “Але ўсё ж хочацца думаць, што пасля карпатлівай даследчай працы з абмежаванай колькасцю першакрыніц мне пашчасціла наблізіць закранутыя ў гэтай тэме падзеі і асобы,а частку іх вярнуць з небыцця і захаваць для гісторыі. І хочацца таксама думаць, што мая сціплая праца стане каштоўным матэр’ялам для іншага даследчыка гісторыі, у распараджэнні якога будзе больш фактаў і магчымасцяў…”
Юрка Віцьбіч нават прапаноўвае дапамогу даследчыкам-паслядоўцам, указвае дзе і якую літаратуру можна знайсці і абяцае навукоўцу даваць каардынаты тых асобаў, у якіх сам браў інтэрв’ю.
Каб набыць сабе гэтую кніжку — звяртайцеся на выставу ў сядзібе БНФ (Варвашэні, 8).

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|