Дзмітры Касмовіч. За вольную і суверэнную Беларусь
У Літве выдадзеныя ўспаміны грамадскага дзеяча, кіраўніка Беларускага вызвольнага фронту на эміграцыі, зацятага антыкамуніста Дзмітрыя Касмовіча (1909-1991). / Касмовіч Дзьмітры. За вольную і сувэрэнную Беларусь. Вільня: Gudas, 2006. – 224 с./
Апісаны ў кнізе час ахоплівае 1920–1945 гг. Аўтар расказвае пра дзяцінства, праведзенае ў Нясвіжы, вучобу ў Радашковіцкай гімназіі ды ад’езд за мяжу ў канцы 1920-х – праваслаўным нялёгка было ў тагачаснай Польшчы.
Касмовіч паехаў у Бельгію, дзе вучыўся ў Льежскім універсітэце і паралельна працаваў у капальнях. Затым перабраўся ў Бялград, дзе скончыў багаслоўскі факультэт, а з пачаткам Другой сусветнай вайны вярнуўся ў Нясвіж.
Саветы, якія прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, прызначылі Касмовіча “бурмістрам” гораду – так называе сваю пасаду аўтар успамінаў. Потым быў удзел у Народным сходзе ў Беластоку (прамова Касмовіча ёсць у стэнаграме з’езду), у сесіі Вярхоўнага савету СССР у Маскве, што аформіла уваходжанне Заходняй Беларусі ў СССР, і сустрэча са Сталіным, чалавекам, якога Касмовіч ненавідзеў больш за астатніх. Савецкія ўлады рэпрэсіравалі ягоную маці за тое, што яна была шчыра аддадзена праваслаўнай веры. “Сталін выглядаў несамавіта, мізэрна. Давялося і мне паціснуць яму руку. Гэтую хвіліну я ніколі не забуду. Сэрца аблівалася крывёй, я быў напоўнены злосцю і жаданнем адкрыта, шчыра выказаць усё што ляжала на маёй душы, выліць усю злосць за ягоныя праступствы над маім і іншымі паднявольнымі народамі”.
Жыццё Касмовіча чарговы раз кардынальна змянілася з прыходам новых акупантаў, немцаў. Ён арганізаваў мінскую паліцыю, а ў лістападзе 1941 г. выехаў на Браншчыну і Смаленшчыну, дзе праводзіў беларусізацыю акругаў ды арганізаваў атрады самаабароны (Службу парадку). У функцыі паліцэйскіх фарміраванняў (Касмовіч называе іх Беларускае Краёвае Войска) ўваходзіла барацьба з партызанамі. У пачатку 1970-х Касмовіча абвінавацілі ў кіраванні аперацыяй па знішчэнні 184-х камуністаў у Касплянскім раёне. Ягоная ж віна так і не была даказана, бо не ўдзельнічаў.
У 1944 г. Касмовіч апынуўся ў Нямеччыне, дзе ўзяў шлюб з пляменніцай Якуба Коласа, дзяячкай Саюзу Беларускай Моладзі Надзеяй Міцкевіч. Між іншага, з народным паэтам Беларусі аўтар успамінаў пазнаёміўся ў 1940 г. Касмовіч зазначае, што дзядзька Колас моцна ненавідзеў бальшавікоў і ў выпадку вайны не збіраўся з’язджаць з Мінску. 26 чэрвеня 1941 г. яго сілком вывезла на ўсход НКВД.
Пасля вайны Касмовіч пасяліўся ў Штутгарце, дзе ўзначальваў Беларускі вызвольны фронт, Беларускую незалежніцкую партыю, браў удзел у безлічы антыкамуністычных форумаў па ўсім свеце.
Але гэты перыяд жыцця ў кнізе адсутнічае. Дзмітрый Касмовіч не паспеў дапісаць успаміны, распачатыя ў 1986 г. Ён памёр 23 красавіка 1991 г. Чатыры месяцы не дажыў да абвяшчэння незалежнасці, так і не здолеўшы ажыццявіць мару свайго жыцця – адведаць родныя мясціны.
Рэдактар кнігі ў прадмове зазначае, што да ўспамінаў трэба падыходзіць крытычна. Так, выклікаюць пытанні лічбы пра колькасць жаўнераў Беларускага краёвага войска на ўсходзе Беларусі. Касмовіч сцвярджае, што іх было 100 тысяч. Але, відаць, гэтую лічбу трэба дзяліць як мінімум на дзесяць. Бо 100 тысяч, каб не абаранілі Беларусь ад савецкага наступу, то, прынамсі, затрымалі б на пэўны час. А так Чырвоная Армія ў лічаныя дні дайшла да Мінска ў 1944 г.
Звярнула ўвагу на сябе апошняя старонка кнігі, дзе пазначана, што набор на кампутары ажыццяўляў сам Дзмітры Касмовіч. Альбо гэта рэдактарска-карэктарскі недагляд, альбо аўтар успамінаў у 1986 г. ішоў у авангардзе тагачаснай кампутарна-тэхнічнай думкі.Тым не менш кніга чытаецца вельмі лёгка, як дэтэктыў. Лёгка жыў, лёгка і пісалася.
Звяртайцеся да незалежных распаўсюджвальнікаў, альбо на выставу ў сядзібе БНФ (Варвашэні, 8).

Паводле газеты “Наша Ніва”
|