Аляксандр Казулін удзячны за салідарнасць і падтрымку
15 снежня, пасля працяглай забароны адміністрацыяй калоніі на сустрэчы са зняволеным адбылася сустрэча Аляксандра Казуліна з адвакатам Ігарам Рынкевічам.
Ён так распавёў аб сваіх уражаннях ад сустрэчы з Аляксандрам Казуліным: “Я ў шоку. Аляксандр Уладзіслававіч зняў кашулю, перад мной стаялі косці, абцягнутыя скурай — канцлагер. Я рыхтаваўся да сустрэчы, але не чакаў пабачыць такое. У натоўпе я бы проста прайшоў паблізу, не пазнаўшы яго... Казулін прыпыніў галадоўку. Ён сказаў, што чакае заявы Еўрасаюза і спадзяецца на выступ Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН да Каляд. (Заўв. прэс-службы. Відаць, А.Казулін выпусціў з увагі, што Еўрасаюз ужо выступіў з заявай да ўрада Беларусі з патрабаваннем вызваліць А.Казуліна). Зараз ён п’е сокі. На самаадчуванне не скардзіцца. Вага 63 кг, зараз стабілізавалася, не падае”.
А.Казулін: “У выпраўленчай калоніі зразумелі, што я паміраю. Двойчы ў дзень мяне аглядалі медыкі. Крытычная рыса была пройдзеная. Апошнія 10 дзён я дужаўся, каб мая прытомнасць была пад кантролем. Я трымаўся на сіле духа, веры ў Бога, вышэйшую справядлівасць”.
Аляксандр Казулін звярнуўся да грамадзян Беларусі, людзей свету, добрай волі з падзякай за салідарнасць і падтрымку ў яго барацьбе. Менавіта гэта давала яму неверагодную сілу ў перыяд працяглай галадоўлі.
Аб заяве А.Казуліна пра выхад з галадоўлі
11 снежня 2006 года ў 16.00 гадзін А.Казулін падаў афіцыйную заяву ў адміністрацыю калоніі №3 аб выхадзе з галадоўкі. У гэтай заяве ён паказаў, што ён “…шчыра рады, што ў шырокім асяроддзе дэмакратычных сіл азначыліся добрыя зрухі. Разам з тым у мяне выклікае заклапочанасць той факт, што не ўсе лідэры дэмакратычнай апазіцыі могуць падняцца над уласнымі інтарэсамі, і на справе, а не на словах гатовыя перайсці да рашучых пэўных дзеянняў.
Я яшчэ раз настойваю на фармаванні Урада народнага даверу і неадкладнага прыняцця ім поўнай легітымнасці ўлады на сябе. Я удзячны Радзе БНФ, Згуртаванню беларусаў света “Бацькаўшчына” і Івонцы Сурвілле асабіста за распачатыя дзеянні ў гэтым накірунку”.
Паводле прэс-службы А. Казуліна
|