Навіны з Даўгаўпілса, Цэнтра беларускай культуры
Моднае свята ад Валянціны Абушкевіч
Напрыканцы года ЦБК арганізаваў свята моды ад Валянціны Абушкевіч — шчырага, добрага, таленавітага сябра “Уздыма”, у мінулым — доктара па адукацыі, сёння — прыхільніцы творчасці Ахматавай і Пушкіна, і вельмі таленавітага чалавека ў галіне вязання кручком.
Выстава работ шаноўнай Валянціны Абушкевіч праходзіць у ЦБК не першы раз, і заўсёды яна ўражвае нас сваёй таленавітасцю. Дарэчы, ёй за 70, і яна не скрывае свайго ўзросту, бо яна маладая сваёю душою, шчырасцю, добразычлівасцю і нейкімі асаблівымі жаночымі якасцямі. Мабыць таму, што заўсёды з ёю яе палавінка — Адольф Фельдман. Галоўнае: ён побач, ён дапамагае, спрыяе і натхняе. Яе калекцыя — гэта разнастайныя шалі, каўнерыкі, спадніцы, касцюмы, понча, сумачкі, пальчаткі, і нават мужчынская кашуля з гальштукам (напэўна звязаная для самага лепшага і каханага).
На гэты раз была не толькі выстава, але і сапраўдны паказ мод. Мадэлямі сталі нашы спявачкі з ансамбля “Купалінка”. Вялікае дзякуй паважанай Валянціне Пятроўне за цудоўны падарунак пад Новы год для нашых жанчын, якія ў яе ўборах яшчэ раз адчулі сябе самымі прыгожымі і непаўторнымі.
Навучанне па інтарэсам
Па запрашэнні беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма”, настаўніца музыкі 6-й сярэдняй школы імя Райніса Таццяна Зубкова прыняла ўдзел у семінары-стажыроўцы для кіраўнікоў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
Спадзяёмся, што цяпер яе выхаванцы ансамбля “Русічы”, што працуе ў школе заспяваюць і беларускія песні. Таццяна таленавіты настаўнік. Нават амерыканскія дзеці, якія вучацца ў гэтай школе, пачынаюць спяваюць народныя песні. Пасля паездкі ў Мінск у яе ёсць свае погляды і планы на далейшае знаёмства з беларускай культурай і з беларускай народнай песняй сярод навучэнцаў школы, дзе, дзякуючы намаганням дырэктара школы Ларысы Кажэўнікай, дзеці-беларусы маюць магчымасць вывучаць беларускую мову ў праграме “Навучанне па інтарэсам” у гуртку аматараў беларускай мовы.
Па запрашэнні аддзела культуры Віцебскага абласнога выканкама і дырэкцыі “Славянскага базара”, творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры былі запрошаны на майстар-клас з вядомым беларускім калектывам “Лявоніха”.
Такая сустрэча адбылася дзякуючы таму, што быў напісаны праект, які фінансаваўся сакратарыятам Міністэрства інтэграцыі, сумесна з таварыствам “Уздым” і ЦБК. Першапачаткова павінны былі ехаць толькі 15 чалавек (прадстаўнікі творчых калектываў і іх кіраўнікі). Аднак кіраўніцтва “Уздыма” вырашыла зрабіць навагодні падарунак дзецям і студэнтам, якія вывучаюць беларускую мову. Яны таксама наведалі Віцебск. Наша моладзь сустрэлася за круглым сталом са студэнтамі і выкладчыкамі Віцебскага універсітэта імя П.М.Машэрава, таксама з дзецьмі латышскай нядзельнай школы, з якімі мы сябруем ужо больш 10 гадоў.
Праграма была вельмі цікавай і насычанай. Віцебск пакінуў самыя цёплыя і незабыўныя уражанні. Разам са студэнцкай моладдзю мы наведалі драматычны тэатр, паглядзелі цудоўную камедыю “Фламінка”, потым была экскурсія па гораду.
Віншуем з надыходзячым Новым годам!
Згодна з традыцыяй, менавіта з надыходам Новага года мы звязваем свае мары і светлыя спадзяванні. Няхай наступаючы Новы год будзе для ўсіх беларусаў годам здзяйснення запланаваных мар. Няхай пануюць у Вашых сем’ях спакой і дабрабыт! Моцнага Вам здароўя і святочнага настрою. З надыходзячым Новым годам!
2006 год, які хутка завяршаецца, быў абвешчаны ў Беларусі годам жанчын. У Беларусі жанчыны складаюць 53% насельніцтва. Яны займаюць самыя розныя нішы ў грамадстве: бізнес, палітыка, грамадская дзейнасць і г.д. Існуе беларуская жаночая партыя “Надзея”, Саюз беларускіх жанчын, жаночы інстытут “Энвіла”, грамадскія аб’яднанні “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”, “Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын” і “Беларуская жаночая ліга”. Усе гэтыя арганізацыі паспяхова займаюцца пытаннямі жаночага лідэрства. У глабальным плане астролагі прызналі ХХІ стагоддзе стагоддзем лідэрства. Пажадаем усім беларускім жанчынам поспехаў і ў наступным годзе.
Паводле інфармацыі ад ЦБК
|