У Вільні пра “Агульнанацыянальныя праблемы Беларусі”

Сёння, 15 снежня, у Вільні пачынаецца канферэнцыя “Агульнанацыянальныя праблемы Беларусі напярэдадні выбараў і магчымасці супрацоўніцтва дзеля іх вырашэння”, у якой прымаюць удзел эксперты, лідэры аб’яднаных дэмакратычных сілаў, палітыкі з Беларусі, а таксама прадстаўнікі еўрапейскіх інстытуцыяў, парламентарыі і амбасадары краінаў Еўропы. Свой удзел пацвердзіў і прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Канферэнцыю арганізуе Літоўскі фонд абароны грамадзян супольна з Радай Еўропы і Нацыянальным камітэтам Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі.

Старшыня Літоўскага фонду абароны грамадзян Стасіс Каўшыніс кажа, што гэтая канферэнцыя ладзіцца ў межах вялікага праекту “Платформа супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасці Беларусі”: “Эксперты, палітолагі, лідэры дэмакратычных сіл з Беларусі прааналізуюць, што адбылося пасля выбараў, якая склалася сітуацыя, у чым дасягненні, які памылкі, абмяркуюць планы напярэдадні выбараў, як гэтыя выбары можна выкарыстаць для працэсу дэмакратызацыі, якія магчымасці супольнай працы дэмакратычных сіл, — як палітычных, так і непалітычных. З боку міжнароднай супольнасці выказана зацікаўленасць гэтай канферэнцыяй. Прадстаўнікі некалькіх пасольстваў краін Еўропы выказалі жаданне ўдзельнічаць. Я размаўляў і з прадстаўніком амбасады Беларусі ў Літве, які пацвердзіў, што прыме ўдзел у канферэнцыі”.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі сябра Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Барт ван Вінсэн, прадстаўнік Рады Еўропы Пламэн Нікалаў, старшыня Палітрады Аб’яднаных дэмсіл Аляксандр Мілінкевіч, лідэр ПКБ Сяргей Калякін, іншыя палітычныя дзеячы з Беларусі.

Сябра палітрады Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі даў інтэрв’ю радыё “Свабода” перад канферэнцыяй: “Агульнанацыянальных праблемаў у нас шмат. Гэта і дэмаграфічная праблема, бо штогод насельніцтва Беларусі скарачаецца на 50 тысяч чалавек (гэта два маленькія гарады знікаюць з мапы нашай краіны). І энергетычная праблема (нашая прамысловасць патрабуе шмат энергарэсурсаў, больш, чым у развітых краінах, і мы залежым ад манапольных пастаўшчыкоў). Гэта і Чарнобыльская праблема, бо зараз у нас могуць быць новыя крокі у будаўніцтве АЭС. Гэта і міжнародная самаізаляцыя Беларусі, гэта і непавага да правоў чалавека і да людзей з боку улады.
Галоўным пытаннем на сустрэчы будзе тое, як і з кім можна супрацоўнічаць, каб лепш вырашаць гэтыя праблемы, не толькі тыя, што будуць абмяркоўвацца на канферэнцыі”.

Плануецца абмеркаваць сацыяльна-эканамічныя наступствы павышэння коштаў на газ для Беларусі, праблему энергетычнай бяспекі, а таксама праблемы эфектыўнасці супрацоўніцтва палітычных сіл і грамадзянскай супольнасці як ў часе выбараў, так і пасля выбараў у Беларусі.

На другі дзень канферэнцыі (16 снежня), будуць разглядацца праблемы міжнароднага аўтарытэта Беларусі і перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва, прапановы Еўрапейскага Саюзу для Беларусі і адбудзецца круглы стол па тэме “Варыянты дзеянняў дэмакратычных сіл Беларусі ва ўмовах магчымага крызісу”.

Паводле радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў