Пасольства Літвы ўводзіць папярэдні запіс на атрыманне віз
Пасольства Літвы абвясціла аб уводзінах папярэдняга запісу на атрыманне віз. Прадстаўнікі амбасады аргументуюць новы парадак вялікімі чэргамі жадаючых выехаць у Літву. Па меркаванні супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтва, папярэдні запіс заахвоціць беларусаў загадзя планаваць паездку ў Літву.
“Пасольства спадзяецца, што сістэма папярэдняга запісу цалкам пачне працаваць тады, калі жадаючыя выехаць у Літву будуць загадзя планаваць свае паездкі. У гэтым выпадку амбасада зможа гарантаваць просьбіту прыём на афармленне візавых дакументаў у замоўлены ім дзень, а грамадзянам, якія пражываюць за межамі Мінска, гэта дапаможа пазбегнуць дадатковых паездак у дыппрадстаўніцтва”, — паведамілі супрацоўнікі амбасады журналістам БелТА.
Пры гэтым у пасольстве падкрэсліваюць, што папярэдні запіс здзяйсняецца толькі ў будынку дыппрадстаўніцтва, іншыя спробы запісу сапраўднымі лічыцца не будуць.
Папярэдні запіс будзе праводзіцца па буднях з 10:00 да 13:00. Пры гэтым супрацоўнікі пасольства паведамілі, што грамадзяне, якія запісаліся да 11 снежня, змогуць патрапіць у Літву яшчэ да каталіцкіх Каляд.
Раней пасольства Літвы паведаміла, што сутыкнулася з вялікай колькасцю жадаючых наведаць гэтую краіну і не спраўляецца з натоўпам беларусаў, якія падаюць дакументы на атрыманне ўязной візы. У дыпламатычным прадстаўніцтве падкрэслілі, што спадзяюцца – беларусы будуць загадзя планаваць свае паездкі ў гэтую краіну.
Паводле БелТА і
telegraf.by
|