На Радзе Бяспекі ААН узгадалі пра Беларусь

У Нью-Йорку нечакана сарваўся чарговы раунд кансультацый па пытанні атамнай праграмы Ірана. На закрытым пасяджэнні Рады Бяспекі ААН прадстаўнік Злучаных Штатаў Уільям Брэнік прапанаваў разгледзець на паседжанні Рады пытанне аб галадоўцы былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна і сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак прадстаўнік Расіі Васіль Чуркін катэгарычна запярэчыў і пакінуў залю пасяджэнняў. Пасол Кітая ў ААН Ван Гуань патлумачыў журналістам: “Расійскі калега сказаў, што павінен атрымаць інструкцыі ад свайго ўраду ў справе сітуацыі ў Беларусі”. Са словаў Чуркіна, пасля нечаканага ўзгаду пра Беларусь перамовы па іранскім пытанні не маглі пайсці канструктыўна. У выніку планаванае абмеркаванне іранскай ядзернай праграмы было адкладзенае.

Варта адзначыць, што ініцыятыву ЗША падтрымалі дыпламаты некаторых іншых краіна-сябраў ААН. Але прадстаўнік Вялікай Брытаніі ў Радзе бяспекі Эмір Джоўнс Пэры застаўся незадаволеным: “ЗША выбралі не лепшы час для вынясення пытання”.

 

Як вядома, галадоўкай Аляксандр Казулін дамагаўся ад усіх дэмакратычных урадаў Еўропы і свету, генеральнага сакратара ААН вынясення на разгляд Рады Бяспекі ААН пытання аб Беларусі.

Радыё “Свабода” са спасылкаю на агенцтва Reuters цытуе амерыканскага чыноўніка, які пажадаў захаваць ананімнасць, паводле якога галадоўка Казуліна вынесла на першы план сітуацыю з уціскам дэмакратыі ў Беларусі.

Варта адзначыць, што ў Радзе Бяспекі ААН беларускае пытанне загучала ўпершыню ў гісторыі.

Паводле “Наша Ніва”
‹‹ на галоўную | у архіў