Прэмія імя Сахарава для Мілінкевіча

12 снежня ў Страсбургу на сесіі Еўрапарламента лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Прысуджэнне прэміі лідэру беларускай апазіцыі Еўрапейскія парламентарыі назвалі “рашучым сігналам” для Лукашэнкі, што Еўрасаюз “не забыўся пра сітуацыю на Беларусі”.

Але ад грашовай часткі прэміі, якая складае 50 тысяч еўра, Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся. Ён заявіў, што Еўрапарламент можа перадаць гэтыя грошы на падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі.

Прадстаўляючы Аляксандра Мілінкевіча пад час цырымоніі, яго назвалі “лідэрам дэмакратычных сілаў, які змагаецца з апошняй дыктатурай Еўропы”.

Выступаючы перад дэпутатамі Еўрапарламента, Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што “гэта прэмія належыць і Аляксандру Казуліну, Змітру Дашкевічу, Паўлу Севярынцу, Міколу Статкевічу, Андрэю Клімаву, ды ўсім іншым палітзняволеным у маёй краіне. Гэта прэмія – знак неабыякавасці Еўропы да сітуацыі ў Беларусі. Гэта прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэта прэмія – сімвал прызнання еўрапейскай будучыні Беларусі”.

"Калі свабоду трэба заслужыць – мы яе заслужылі. Усёй сваёй гісторыяй і ахвярамі, прынесенымі дзеля яе”, – сказаў, звяртаючыся да дэпутатаў Еўрапарламента Аляксандр Мілінкевіч. У сваім выступе ён таксама прыгадаў сакавіцкія падзеі ў Мінску: “Рэжым завёў Беларусь у гістарычны тупік. І нашы акцыі на плошчы былі адчайнай спробай вывесці Беларусь з гэтага тупіка. Мы выйшлі не за кавалкам хлеба, а за маральныя каштоўнасці – свабоду і праўду. Калі б вы здолелі быць з намі, вы б адчулі захапленне і натхненне, пачуццё свабоды і адсутнасць страху. Таксама як боль і адчай, пасля таго, як плошча позняй ноччу стала пустой. Змерзлых і стомленых маладых людзей тады проста закінулі ў грузавікі і адвезлі ў турму”, – казаў Аляксандр Мілінкевіч.

Прэмія імя Сахарава “За свабоду думкі” заснаваная Еўрапарламентам у 1998 годзе і прысуджаецца штогод за “дасягненні ў справе абароны правоў чалавека ды яго асноўных свабод, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства і развіццё дэмакратыі”. Намінантаў вылучаюць дэпутацкія фракцыі Еўрапарламента альбо група дэпутатаў. Вылучэнне кандыдатуры Мілінкевіча падтрымала найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламента “Еўрапейская народная партыя – еўрапейскія дэмакраты”.

Паводле радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў