Рашучыя “Старэйшыны”

У выпадку адмовы Вярхоўнага суда задаволіць іск па дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання пенсіянераў “Старэйшыны” ініцыятыўная група ізноў паўторыць усю працэдуру яго стварэння. Аб гэтым 11 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў старшыня праўлення аб’яднання Уладзімір Раманоўскі.

Па яго словах, ініцыятыўная група па стварэнні аб’яднання 14 ліпеня гэтага года падала дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. “На працягу трох з паловай месяцаў службоўцы па розных прычынах адкладалі прыняцце рашэння, а ў канцы кастрычніка адмовілі аб’яднанню ў рэгістрацыі. Афіцыйнай прычынай адмовы стала адсутнасць некаторых дэлегатаў устаноўчай канферэнцыі аб’яднання на рэгіянальных зборах і пратаколу ініцыятыўнай групы па правядзенні гэтай канферэнцыі. Але паводле інструкцыі Мінюста дадзены пратакол не ўваходзіць у спіс дакументаў, неабходных для рэгістрацыі. Акрамя таго паводле заканадаўства Мінюст абавязаны быў паведаміць нам аб дакументах, якія адсутнічаюць”, — адзначыў У.Раманоўскі. Ён назваў адмову Мінюста “знявагай” да больш чым тысячы чалавек, што ўступілі ў аб’яднанне прадстаўнікоў розных прафесій, і паведаміў, што 30 лістапада кіраўніцтва “Старэйшын” падало іск у Вярхоўны суд з просьбай адмяніць рашэнне міністэрства.

Па словах прадстаўніка кіравання аб’яднання Уладзіміра Страха, у апошнія гады многія з тых, каму да пенсіі заставалася два гады, а таксама працоўных пенсіянераў былі “выцесненыя” з прадпрыемстваў і арганізацый у сувязі з скарачэннем працоўных месцаў. “З пакінутымі пенсіянерамі складаюць кантракты максімум на паўгода і скасоўваюцца яны па розных прычынах”, — распавёў У.Страх. Па ягоных словах, у гэтай сітуацыі паўстала неабходнасць у сацыяльнай абароне правоў людзей старэйшага пакалення.

Як адзначыла адказны сакратар аб’яднання Таццяна Зялко, прадстаўнікі “Старэйшын” са здзіўленнем успрынялі адмову Мінюста. “Людзі прапаноўваюць рознае — ад пікетавання будынка Мінюста да збору подпісаў для змены заканадаўства ці стварэння ў лесе намётавага лагера пратэсту”, — сказала Т.Зялко.

Юрыст Юрый Чаусаў назваў адмову Мінюста “грубіянскім зневажаннем закона аб грамадскіх аб’яднаннях, бо адсутнічаюць прававыя падставы для такога рашэння і парушана працэдура яго прыняцця”.

БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў