Максіму Багдановічу 115 год
9 снежня 2006 года магіла беларускага паэта Максіма Багдановіча на старых ялцінскіх могілках была ўпрыгожана бел-чырвона-белым сцягам Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Над помнікам паэта “ляціць” Пагоня, усталяваная 9 снежня 2001 года. На пліце магілы ляжалі белыя і чырвоныя гваздзікі, гучалі вершы паэта. У 115-ю гадавіну нараджэння паэта да яго магілы прыйшлі сябры Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня”.
Старшыня Севастопальскага аб’яднання “Пагоня” Валерый Барташ прачытаў верш паэта “Пагоня” і паведаміў, што ў Севастопалі ёсць хатні міні-музей “Пагоня”, дзе можна пабачыць карціну вядомага беларускага мастака Алеся Марачкіна “Я не самотны”, на якой паэт з кнігай сваіх вершаў “Вянок” перад смерцю. Ёсць кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, літаратура па мастацтву і геральдыцы Беларусі.
“Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць! Жыве Беларусь!” — разнеслася над старымі кіпарысамі могілак, прагучала малітва аб Беларусі, гарэлі памінальныя свечкі... У гэты момант і ў гэтым святым месцы ўсе прысутныя, хто нясе Пагоню ў сэрцы і бел-чырвона-белы сцяг у руках, адчувалі, што Жыве Беларусь!
Валерый Барташ,
Старшыня Севастопальскага аб’яднання “Пагоня”
|