А.Казулін: “Цудоўна адчуваць, як жыццё вяртаецца ў цела”
У віцебскай калоніі спыніў галадоўку Аляксандр Казулін, былы кандыдат на прэзідэнта, які 53 дні пратэставаў супраць знаходжання ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі і дамагаўся разгляду беларускага пытання ў Радзе бяспекі ААН. Пра пачатак выхаду з галадоўкі Аляксандр Казулін сам паведаміў сваякам па тэлефоне.
Ірына Казуліна пацвердзіла, што яе муж спыніў галадоўку. Вось што Ірына Казуліна распавяла пра сённяшнюю размову з мужам па тэлефоне:
— Нам далі тры хвіліны і яшчэ паставілі ўмову, каб ні пра якую палітыку мы не размаўлялі, а толькі пра здароўе і выхад з галадоўкі. Ён папрасіў яблыкі антонаўку, кашы, ільняны алей, корань сельдэрэю, розныя бытавыя рэчы. Але самае галоўнае, што голас ягоны гучаў бадзёра, і яшчэ ён сказаў такія словы: “Гэта так цудоўна — адчуваць, як у тваё цела вяртаецца жыццё”.
Раней ад намесніка начальніка калоніі спадара Русака Ірыне Казулінай стала вядома, што ў мужа трымаецца нізкі ціск — усяго 80 на 65, пры норме 120 на 80. Тэмпература цела ў Казуліна — 36,2 градуса, што таксама ніжэй за норму. Паводле жонкі, Аляксандр не жадае, каб яго паклалі ў шпіталь і на недахоп медычнай дапамогі ў калоніі не скардзіцца. Ірына перакананая, што яе муж сам здолее выйсці з галадоўкі.
На пытанне, як Аляксандр Казулін каментуе выкананне ягоных патрабаванняў, жонка палітыка адказала:
— Толькі я задала нейкае такое пытанне, ён адразу сказаў, што гэта ўсё потым. Відаць, яго папярэдзілі, што адразу адключаць сувязь, калі размова будзе пра палітыку. Вось і ўсё. Ён сам радасны, і перадаваў усім прывітанне і падзяку за дапамогу.
Паводле Ірыны Казулінай, яе мужу дазволілі сустрэчу з адвакатам. Ірына мяркуе, што такая сустрэча можа адбыцца на гэтым тыдні.
Ірына Казуліна таксама распавяла, што 12 снежня ёй патэлефанавалі з Міжнароднага Чырвонага крыжа і паведамілі, што прадстаўнік гэтай арганізацыі мае намер наведаць Аляксандра Казуліна ў калоніі. Адпаведны зварот беларускім ўладам ужо дасланы. “Яны паабяцалі паінфармаваць мяне, якім будзе адказ нашых ўладаў”, — сказала Ірына Казуліна.
Паводле радыё “Свабода”
|