Казулін вырашыў галадаць “да апошняга”
Сям’я галадаючага ў калоніі палітыка Аляксандра Казуліна атрымала ад яго ліст, у якім экс-кандыдат у прэзідэнты паведаміў, што прыняў рашэнне працягваць галадоўку, каб “падарваць хоць неяк гэты “балотны” беларускі стан”. У лісце Аляксандр Казулін просіць родных перадаць яму коўдры. Таксама палітык паабяцаў, што выйдзе з галоўкі, як толькі атрымае пасланне ад паслоў.
“Хтосьці асабістым прыкладам павінен падарваць хоць неяк гэты “балотны” беларускі стан. Ты жа лепш за ўсіх астатніх ведаеш і разумееш, што дзеля сваёй краіны і свайго народа я гатовы на ўсё. На любыя ахвяры і пазбаўленні. Толькі, ідучы да канца, можна чагосьці дамагчыся”, — гаворыць у лісце Аляксандр Казулін.
“Мною кіруе сэрца і боль за сваю краіну, за свой народ. І я змагаюся не за сябе, а за родную зямлю, за Беларусь. Чыстыя і шчырыя памкненні заўсёды павінны знаходзіць водгук, нават у спрактыкаваных палітыкаў. А час Беларусі ўжо надышоў!” — лічыць палітык.
Сёння, 11 снежня, 53-і дзень галадоўлі Аляксандра Казуліна, які абяцае працягнуць акцыю пратэсту да выканання яго ўмоў міжнароднай грамадскасцю, у тым ліку разгляд сітуацыі ў Беларусі Саветам бяспекі ААН.
“Неабходна даць адзнаку парушэнням законнасці Аляксандрам Лукашэнкам у перыяд яго знаходжання ва ўладзе ў Рэспублікі Беларусь, улічыць нелегітымнасць яго прэзідэнцтва і прыняць усе неабходныя меры супраць беларускага дыктатара. Голас аднаго чалавека з турэмных катавальняў можа быць і слабы, але голас чалавека, гатовага аддаць сваё жыццё дзеля волі свайго народа загучыць як звон, які кліча кожнага да дзеянняў, да перамен”, — гаворыцца ў заяве Аляксандра Казуліна.
Паводле telegraf.by
|