“Бацькаўшчына” недаспадобы ўладам

5 снежня ў гаспадарчым судзе Мінска адбудзецца судовае паседжанне аб скасаванні дамовы аб арэндзе памяшкання Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Арганізацыя, якая аб’ядноўвае беларусаў ва ўсім свеце, знаходзілася ў будынку на вул. Рэвалюцыйнай, 15 у Мінску каля 13 гадоў.

Позву ў гаспадарчы суд падала арганізацыя “Спадчына”, якая з’яўляецца балансаўтрымальнікам будынку. Сваё рашэнне арганізацыя патлумачыла неабходнасцю праводзіць будаўніча-мантажныя работы. На іх думку, гэта з’яўляецца падставай для скасавання арэнды. На наступным тыдні справа павінна рушыць з мёртвага месца. Толькі вось у які бок? Распавядае намесніца старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету – Ніна Шыдлоўская.

Н. Шыдлоўская: Мы вельмі дакладна вывучылі гэтае пытанне з юрыдычнага пункту гледжання і катэгарычна будзем адстойваць у судзе пазіцыю, што “Спадчына” не мае юрыдычнай падставы скасоўваць дамову арэнды. Гэтая арэнда была нам прадстаўлена на 25 гадоў, дзякуючы пастанове Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь. У той жа пастанове была змешчаная рэкамендацыя ўсім дзяржаўным органам спрыяць “Бацькаўшчыне” ў яе дзейнасці, у тым ліку і ў прадстаўленні памяшкання. Пакуль мы не можам звяртацца па юрыдычны адрас, а ў Беларусі гэта вельмі важны момант працы арганізацыі, бо іначай мы парушаем Крымінальны кодэкс.

Нягледзячы на дадзеную сітуацыю, рабочыя органы “Бацькаўшчыны” дзейнічаюць. Вядзецца таксама праца над унікальнай кніжнай серыяй “Бібліятэка Бацкаўшчыны”, а таксама аказваецца метадычная дапамога суполкам аб’яднання ў замежжы.

Н. Шыдлоўская: На сённяшні дзень дамова аб арэндзе быццам бы дзейнічае, і юрыдычны адрас, з аднаго боку, мы маем. Дэ-факта, “Бацькаўшчына” ўжо тры месяцы туляецца па кутах і не мае нармальнай магчымасці працаваць ані з архівамі, ані папаўняць іх. Многія кнігі звезеныя да сяброў у гаражы. Чыноўнікі абсалютна не маюць намеру ісці на саступкі. Мы ад іх не чакаем дапамогі і клопату. Ад іх мы патрабуем аднаго — дайце магчымасць арэндаваць знойдзенае намі ж памяшканне. Мы гатовыя самі рабіць у ім рамонт за свой кошт.

Пра тое, як выглядае праца згуртавання без памяшкання, распавядае старшыня Рады ЗБС Алена Макоўская.

А. Макоўская: Мы арганізавалі працу віртуальна. Супрацоўнікі ў большасці вымушаныя працаваць у сваіх кватэрах. Часам звяртаемся да іншых арганізацыяў, калі нам трэба сабрацца разам. Каля году мы перапісваемся і вядзем сустрэчы з чыноўнікамі рознага ўзроўню. На словах нам абяцаюць падтрымку, але факт застаецца фактам: да гэтага часу мы не маем памяшкання.

Доктар Янка Запруднік, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, гаворыць, што праблемы Згуртавання выкліканыя антыбеларускай палітыкай на Беларусі.

Я. Запруднік: Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выконвае сур’ёзную функцыю. Гэта патрэбная арганізацыя, супрацоўніцтва патрэбнае, але ў вырашэнні тых праблемаў мы ня надта можам удзельнічаць. Гэта вынік палітыкі задушвання беларускасці.

ЗБС “Бацькаўшчына” паўстала ў 1990 годзе. Адной з галоўных мэтаў арганізацыі з’яўляецца духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне.

Дзмітры Гурневіч
polskieradio.pl
‹‹ на галоўную | у архіў